Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 68

Васіль Ткачоў

Увечар на Грышкавай прызбе зноў граў гармонік, а нас не выганіш з хаты. На прызбе нам не было сёння чаго рабіць: мы важна сядзелі за сталом нароўні з дарослымі, нават бліжэй, чым хто, да дзеда Грышкі і Пятра, і слухалі розныя байкі пра вайну. Я толькі разы два паказаўся на танцульках – няхай бачаць, дзе мы з Петрыкам. І заслужана. Як торф заносіць у хлеў дзеда Грышкі ахвотнікаў не было, то няхай цяпер хоць паглядзяць, што з гэтага атрымалася. Надзейка таксама дапамагала, аднак яна не пойдзе ў хату. Сарамлівая. Яе справа. А на мяне ўсё ж паглядае. Крадком. А потым адразу хавае вочы. Зайдросціць, каму тут не зразумела. Мне і Петрыку сёння ўсе зайдросцяць. І чакаюць, калі мы нарэшце назусім, а не будзем шмыгаць туды-сюды, выйдзем на прызбу, бо без нас і танцы не танцы. Цяпер, калі паехаў у Ленінград Саныч, паступілі вучыцца на гарадскія прафесіі некаторыя нашы хлопцы, то мы тут галоўныя танцоры.

Танцулькі пачакаюць. Трэба пасядзць за сталом і паслухаць, што будзе ў нашай Гуце заўтра і паслязаўтра, калі вернецца дзядзька Мікіта і прывязуць на кані Кастуся з бальніцы. За Кастусём мы таксама паедзем. Абавязкова. Не прапусціць бы. Заадно і ў сталоўцы падсілкуемся . Ніколі не елі мы ў гарадской сталоўцы, а там, кажуць, смачна падаюць. Каша – пальчыкі абліжыш. Нават катлеты і смажаныя кілбаскі ёсць. Папытайце, калі не верыце, у дзеда Грышкі. Ён, калі быў маладзейшым, часта бегаў у мястэчка – баба Антося думала, што ён знайшоў для сябе там новую цётку, а дзед – ныр у сталоўку. Сам расказваў. Праўда, браў і куфаль піва. Піва нам не трэба. Ну яго. Нам добра будзе каша, а калі хопіць той капейкі, то катлеты і кілбаскі таксама не пашкодзяць.

А цяпер дарослыя спрачаюцца, хто б мог выдаць Мікіту, і чамусьці ўсе падтрымліваюць Тамаша, што гэта нашкодзіў Лізавецін прымак, і калі раней цётка абараняла яго, то цяпер маўчыць. Як вады ў рот набрала. Нехта паказаў і ў бок Гіршы Моцкіна, бо той нездарма абжыў кузню – ён гэтага толькі і дабіваўся, каб прагнаць з яе каваля. Вось і наплявузгаў.

Дзядзька Хвядос заступіўся за Гіршу Моцкіна, сказаў, што трэба пачакаць крыху, а там стане ўсё на сваё месца: высветліцца...

Пачакаем і мы. Нам няма куды спяшацца. Асабліва калі ў школу толькі.

У школу мы любім хадзіць. Там можна не толькі нешта цікавае даведацца, а спадцішка тузануць за касу і Надзейку...

11. ЭПІЛОГ

Дзядзька Хвядос гладзіў печ рукой, пяшчотна і з замілаваннем, і гаварыў ёй, як жывы жывому:

– Ты, печ, жанчына. І табе, бачу, сумна адной. Пагаварыць няма з кім, языкамі памянціць – ну, а як жа: жыццё ёсць жыццё, тут ні ўбавіць, ні прыбавіць. Заўтра я табе жанчыну прывяду, Моцяй зваць. Будзеце разам і варыць, і на чарэні грэць нас, мужчын. Мужчын таксама прыбавіцца. Ты помніш Петрыка добра. Як жа. Свой чалавек Петрык. Так што, печ, з заўтрашняга дня табе весялей будзе. І нам усім, заўваж. Раніцай запражэм каня, і прывязем гаспадыню з усім яе няхітрым скарбам у нашу хату. Адабраеш мяне, печ? За разуменне дзякуй табе. Дзякуй.

Мне пачулася, нібы печ адказала дзядзьку Хвядосу...