Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 65

Васіль Ткачоў

А неяк Раіса папрасіла мяне, каб я з’ездзіў з Кастусём на балота і дапамог яму прывезці дроў. Яшчэ і папытала, строга так і нават, як падалося мне, крыху здзекліва ці што: «Зможаш? Ці дзядзька Хвядос не адпусціць?» Гэта толькі жанчына, такая , як Раіса, і можа апусціцца да такога, каб папытаць, адпусціць мяне на балота дзядзька Хвядос ці не. Ды яшчэ цётка Матруна. Тая дык і зусім кроку не дае ступіць самастойна. Два боты – пара. А хто яму, калі на тое пайшло, дзядзьку Хвядосу, у лесе цэлы арсенал зброі перадаў? Не сам жа з неба той зваліўся. А калі мы зброю шукалі, то мяне з Петрыкам ніхто за руку не вадзіў. Трэба ж дадумацца: а ці адпусціць дзядзька! Ды яшчэ з танкістам, які мне і нялюбы чамусьці.... ды вядома ж – чаму. І я паабяцаў Раісе, што дапамагу прывезці дроў, а то Сцяпанку зімой холадна будзе, яна падзякавала, а назаўтра за мной заехаў Кастусь на калёсах, паляпаў у шыбу:

– Пад’ём, пяхота!

Калі ўжо сам танкіст, то ўсе астатнія для яго, бач ты, пяхота. Гэта мы яшчэ паглядзім. Можа мяне і зусім на флот возьмуць служыць. Ці ў лётчыкі. Ды і мог бы не ляпаць у шыбу, бо калёсы так тарахцелі, што толькі глухі не здагадаецца, хто сядзіць на іх і паганяе каня. Танкіст, канешне ж! Ён танк, не інакш, пераблытаў з калёсамі.

Пакуль ехалі, Кастусь мумкаў пад нос франтавыя песні і хваліўся, як падбіў варожы танк, а каб не быў кантужаны, то было б тое самае і з іншымі танкамі, што трапляліся б на яго баявым шляху. Вось так. Ні больш ні менш.

– Я механік-вадзіцель, Колька! Гэта табе не абы-хто, а другі чалавек у экіпажы, пасля камандзіра.

Забыў папытаць я ў яго, колькі чалавек усяго ў тым танку экіпаж, мо тры, то няхітра другім быць, і я б змог. Хацеў зрабіць гэта пазней, калі будзем вяртацца назад з дрывамі, аднак тое, што адбылося, перавярнула ўсё ўверх дагары нагамі ,і, падалося, на ўсё балота ўпала неба... знянацку і раптоўна абрынулася , я адзічэла крычаў, бегаў вакол Кастуся і не ведаў, што мне рабіць. Ён неяк дзіўна глядзеў на мяне, быў увесь у крыві, твар і адзенне пасечаны асколкамі , глядзеў і не тое скрывіўся ад болю, не тое ад таго, што не мог і сам зразумець, што з ім адбылося. І быццам пытаўся ў мяне: Колька, дык што гэта? А з жывата вываліся ўсе вантробы, і як гэта я раней не ўбачыў, ляжаць у яго на каленях і пара з іх ідзе... як дым. Я ўтаптаў, не помню як, вантробы назад і дапамог нарэшце беднаму танкісту ўзабрацца на калёсы, легчы, і так паганяў каня шпарка, з усіх капытоў, што той неўзабаве стаў мокры -- бы ў лазні пабываў... Але паехаў я не ў вёску, а ў мястэчка -- у бальніцу. І як дадумаўся да такога, і сам не магу зразумець. Потым дзядзька Хвядос пахваліў мяне:

– Малайчына, што здагадаўся... Калі б яшчэ колькі хвілін, казаў доктар, і, магчыма, не было б Кастуся. Добра, што ты не дамоў яго, а адразу ў бальніцу... Кемлівы, аднак. Хвалю. Ну, а цяпер раскажы ўсё, як было.