Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 69

Васіль Ткачоў

Назаўтра мы з Петрыкам перавезлі ўсе яго рэчы, а цётка Матруна прыйшла сама. Топчацца па хаце, праўда, без ручніка на плячы, бадзяецца з кутка ў кут, быццам месца сабе не знаходзіць, і ці тое ад радасці, ці тое ад чаго – плача. Плачаш, дык плач: дзядзьку Хвядосу няма калі яе супакойваць, на ім увесь калгас, ды трэба і новага дырэктара адвесці ў Петрыкаву хату – ён будзе жыць там. Петрыку пашанцавала, нічога не скажаш: іншы раз ён можа і забегчы ў сваю хату, быццам нешта забыўся там, а заадно і новаму дырэктару лішні раз паказацца на вочы, таму можа нават выбіцца і ў выдатнікі.

Заўтра трэба ехаць за Кастусём у мястэчка, а ў нас бяда стрэслася: Лізавецін сабака Шарык праглынуў, забаўляючыся, нашу вялікую капейку, за якую мы збіраліся паабедаць у сталоўцы, і мы прывязалі Шарыка на сваім двары. Ці паявіцца на свет божы капейка да раніцы? Не вытрасеш жа яе з Шарыка. Сабака спярша скуголіў, рваўся да брамы, аднак супакоіўся – змірыўся са сваім лёсам. Так яму і трэба. Не будзе глытаць чужыя капейкі. Пакуль не вернеш нам Пятроў падарунак, сядзі на ланцугу. Можа паразумнееш. Не хапала яшчэ, каб згубіў дзе-небудзь нашу капейку пасярод вуліцы ці ў лесе. Усюды ж шастае.

Сядзець, Шарык. І не чырыкаць.

Мы таксама сядзім на двары і чакаем. А то наляціць якая сарока на бліскучае, і пішы тады прапала.

А нам вельмі хацелася гарадской кашы.

З акрайцам белага хлеба.

ЦАР-ДУБ

1

Позняй восенню 1075 года князь чарнігаўскі Уладзімір Манамах паехаў на паляванне на берагі маляўнічай ракі Убарць, дзе ў лясах вадзілася шмат дзічыны.Як нярэдка бывала і раней, князь браў з сабой на паляванне і падрастаючага сына Мсціслава, якому не прамінаў гаварыць: «Загартуеш сябе паляваннем, не страшна і на полі бою будзе. Не спалохаешся дзіка—і полавец будзе не страшны».

Князь Манамах любіў адпраўляцца на паляванне раптоўна, знянацку—быццам бы ладзіў нейкія іншыя справы, а потым клікаў да сябе цівуна, ставіў яму задачу, першым усковаў на каня, а за ім – і ўся яго дружына. Па дарозе князь, каб з большай карысцю скарыстоўваць час, цікавіўся, што і як расце на палях, заглядваў у клеці і свірны, іншы раз заходзіў і ў хаты смердаў, пытаўся, ці не крыўдзяць іх ягоныя людзі. Бо князь разумеў: зямля трымаецца на смердах і халопах, і калі яны разарацца—будзеш даведзены да галечы і сам.

Паляванне на берагах Убарці князю Манамаху на гэты раз не ўдалося—раз’юшыны дзік сарваў з бядра князя меч, і пакуль яму падалі новы, той вострымі ікламі пакусаў каня за ногу . І збег на вачах у разгубленых ахоўнікаў.

– Няхай жыве,– паглядзеў князь услед дзіку і загадаў цівуну падаць яму торбачку з жалудамі.–Тут многа дзікоў водзіцца, а дубоў расце мала. Дзікам няма ежы. Яны галодныя і злыя. Будзем садзіць дубы.

Князь зняў з галавы шолам, перасыпаў туды жалуды і паўтарыў на гэты раз больш гучна і цвёрда:

– Будзем садзіць дубы!

Кожны падыходзіў да князя, запускаў руку ў шолам, браў свой жолуд. Першы жолуд закапаў у зямлю сам Манамах. А вяртаючыся з палявання , гаварыў сваім людзям:

– Дубы няскора вырастуць і пачнуць атрасаць на зямлю жалуды. Але нашчадкі нам дзякуй скажуць, бо сёння мы зрабілі добрую справу...