Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 64

Васіль Ткачоў

– Натансона які сабака не ведаў, не кажучы ўжо пра нас, людзей, – працягваў далей Гірша Моцкін. – Боты шыў лепш, чым у Крамлі для Сталіна... Прабач, госпадзі, дурному Моцкіну, не хацеў я ўспамінаць Крэмль і Сталіна, але што ты возьмеш з дурнога Моцкіна, акрамя аналізаў? То сын яго, Барыс, у Амерыцы жыве. Яго тады людзі схавалі, калі яўрэяў немец растрэльваў у сасонніку. Мог бы і Натансон уцалець, каб уцёк, як уцёк я. Не, кажа, не можа быць, каб нас немец няўзлюбіў, мы ж яму нічога не зраблі кепскага. А калі надумаўся бегчы, то было ўжо позна.

– Гады! – сказаў нехта.

– Не курыце, людзі добрыя, а то ў Гіршы Моцкіна ўсе лёгкія атручаны каніфолем і кузняй, далібог.

Глядзі ты, паслухаліся. Нават Тамаш, на што ўжо неслух, і той прыдавіў у гільзе з-пад зенітнага снарада акурак. Праўда ж: не прадыхнуць. У Гіршы Моцкіна такія фокусы не пройдуць. А то ж: расказвай ім, твары добрае, і за гэта яшчэ нюхай смярдзючы самасад. Не, не атрымаецца.

– Якраз Восіпу пашыў ён боты. Ведаеце Восіпа.. Той і кажа: колькі табе, Натонсон, за работу грошай? Гавары, не саромся. За такія боты не шкада. А Натонсон і слязы нават не ўраніў, такі мужны чалавек быў, і адказвае: грошай мне, брат Восіп, не трэба тваіх аніякіх, а калі нашу сям’ю немец расстраляе, то закапаеш... і будзем у разліку. Такая мая просьба. І неўзабаве Восіп выканаў просьбу беднага Натансона. Дзе цяпер яго душа, гаротніка? І няхай хто паспрабуе пашыць лепшыя боты, чым шыў іх бедны Натансон? Няма такога ўмельца. І няскора будзе.

– Няма, гэта ты, Гірша, праўду кажаш, – пагадзіўся Тамаш.

У тую ноч я доўга не мог заснуць. Чамусьці думалася і думалася пра Натансога, якія шыў цудоўныя боты, і хоць ніводнага разу я не бачыў яго, аднак перад вачыма стаяў такі ж зарослы шчэццем яўрэй, як Гірша Моцкін, толькі без сажы на лбе і вушах, бо ён, відаць, не быў жартаўніком і не званіў сваёй жонцы ў комін...

9. ПРЫВІТАННЕ, ПЯХОТА!..

Кастусь жыў шумна, навідавоку. Калі ён каго клікаў, то далёка было чуваць: яго голас каціўся рэхам, як хваля. Калі смяяўся – таксама роўных не было. І борацца мастак. Мікіта казаў, каб быў ён маладзейшым, то паклаў бы яго на лапаткі – і рабіць нечага. А так – даруйце: не той узрост. Калі рабіў нешта – паспрабуй паспей за ім. І ўсюды з жартамі, прыпеўкамі. Ведама ж, гарманіст. Я разумеў, што вясковыя жанчыны зайдросцілі Раісе, хіба ж не відаць. Заставалася радавацца за яе і мне, бо дзядзькі Сцяпана з вайны ўжо не будзе – пахавальная, значыць, не хлусіла: загінуў... А маленькі Сцяпанка яшчэ ляжыць у люльцы і толькі лыпае вачыма, а мне нават адзін раз усміхнуўся і памахаў маленькай рукой, нібыта павітаўся . Я забег да цёткі Раісы, калі, вядома ж, не было ў хаце танкіста. Захацелася маленькага Сцёпку пабачыць. Не ведаю, чаму, але ў нас з танкістам па-ранейшаму не было дружбы, і я стараўся менш сутыкацца з ім твар у твар: калі ўзяў Раісу ў жонкі, то хай асабліва не зазнаецца. Гэта яму пашанцавала, што я пазней нарадзіўся, а то б тады паглядзелі, хто каго. Што тут не зразумелага!