Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 63

Васіль Ткачоў

Як гэта яго Бэла паспела перадаць тое «дзякуй», калі яна яшчэ нічога і не ведае пра ўсё, аб чым гаварылі за сталом дзядзька Хвядос і Гірша Моцкін. «А начуй у мяне, каб дамоў не ездзіць, бо паспееш больш зрабіць: не трэба час на дарогу траціць», – сказаў вось толькі што яму дзядзька Хвядос. І адразу ж – «дзякуй» табе ад маёй Бэлы. На хаду хлусіць, і вокам не міргне!

А потым Гірша паглядзеў на мяне і папытаў:

– Паказвай, дзе ў вас тут комін?

– Вэн, – кіўнуў я.

– Вэн, – перадражніў мяне Гірша.

– А нашто ён вам?

– Буду званіць у Журавічы сваёй Бэле, каб не хвалявалася. Каб не шукала дурнога Гіршу Моцкіна. А ты што, не ведаеш, як у комін можна званіць?

– Не-а,– шчыра прызнаўся я і адразу зразумеў, што дарэмна прызнаўся, бо ён хутчэй за ўсё жартуе, а што гэта так, я здагадаўся па тым, як усміхнуўся дзядзька Хвядос.

Гірша ж падышоў да печы, задраў галаву ў комін, і загаварыў, нібы ў нейкую бочку:

– Ты чуеш мяне там, Бэла? Яна чуе, яна ў мяне баба разумная, хоць і з Гіршам Моцкіным жыве. Сёння на мяне вячэру не рыхтуй, я буду ў Гуце ў добрых людзей. Як зразумела? Выдатна. Тады да сустрэчы! Твой дурны Моцкін.

Гірша Моцкін паказаў нам свой твар, і я пырснуў смехам: ён выпэцкаў лоб і вушы, быў падобны на чорта, якога малююць у кніжках, але калі заўсміхася, то і нічога быццам, ідзе яму такі выгляд: рабочы чалавек – нічога не скажаш. Дзядзька Хвядос усё ж падказаў Гіршу, каб памыўся.

Даведаўшыся, што ў нас будзе начаваць Гірша Моцкін, вечарам у хату набілася шмат вяскоўцаў. Як жа ўпусціць такі момант – чалавек з мястэчка, ды не абы-хто, а сам Гірша, пра якога не ведае толькі той, хто яшчэ не нарадзіўся. І не скарыстаць такую магчымасць – вялікі грэх. Нават Тамаш прытупаў.

– У нас тут ні радзіваў...– завёў ён сваю старую пласцінку.

Аднак яго абарваў адразу ж дзядзька Хвядос:

– Чаму ж, радыё ёсць. У новага настаўніка. На батарэйках.

– З ім я яшчэ дружбы не завёў, – пагадзіўся Тамаш. – Гусь свінні не таварыш. У яго сваё вяселле, у нас сваё. Дык я і кажу: у нас тут ні радзіваў, ні газетаў...

– І газеты выпісваем... Мікітаву «Звязду» мне паштарка аддае. Можаце браць, чытаць.

– Можна падумаць, што я чытаць умею? Без акуляраў.

Нарэшце далі слова Гіршу Моцкіну, і ён расказваў, што новага ў Журавічах.

– Якаў Струкаў паехаў у Ленінград, дзе ў яго была да вайны кварцера, а прыехаў, а там ужо новыя людзі жывуць. Пахадзіў-пахадзіў ён па горадзе, ды ні з чым і вярнуўся да мацеры. Чужым стаў для яго Ленінград. Цяпер жыве не ў гарадской кварцеры, дзе круць-верць – і вада пацякла з кранціка, а ў такой, як і дурны Гірша Моцкін.

Калі ён загаварыў пра Ленінград, я ўспомніў Саныча, які ўжо паехаў дадому і сказаў неяк нам з Петрыкам, каб прыязджалі, толькі прасіў напісаць, і ён тады сустрэне на вакзале і дапаможа паступіць у любую школу фабрычна - заводскага навучання. Пакінуў нават адрас. Аднак, пакуль яшчэ ехаць, трэба не адзін пуд солі з’есці. А каб не гэты пуд, мы б хоць і сёння.