Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 62

Васіль Ткачоў

Мне таксама вельмі хацелася, каб ён вярнуўся і каб можна было хутчэй паляцець у кузню і любавацца не толькі снапамі іскрынак, якімі дыхае горан, але і назіраць, як прама пры табе выкоўвае нешта мудрагелістае дзядзька – бы ў казцы нейкай ...

Вяртайся хутчэй, дзядзька Мікіта!

8. ГІРША ПРЫЕХАЎ

Гірша Моцкін – маленькі, худы яўрэй з Журавіч, няголены,таму на ягоным твары маршчыны бачны толькі на лбе. Ён прыехаў на веласіпедзе, які выйграў па латарэйнаму білету. Пра той выйгрыш усюды, куды ні завернеш, ходзяць размовы і выклікаюць смех. Нібыта ездзіў Моцкін у горад, каб купіць каніфолі, волава, напільнік новы і яшчэ нешта, а на базары яму прыспічыла. Калі прыспічыць, то вядома, куды бягуць людзі. І вось там, у прыбіральні, Гірша ўбачыў той латарэйны білет, які скарыстаў нейкі недарэка раней, чым яго праверыў... А Гірша Моцкін не быў бы Гіршам Моцкіным, каб даў дабру прапасці. Таму латарэя ляжала неўзабаве ў яго дома, а калі на раённую бібліятэку ці куды там прыйшла газета з табліцай розыгрышу, то на той туалетны білет і выпаў веласіпед. Пра гэты выйгрыш ведалі ўсе, ад мала да вяліка, бо ўладальнік такога шыкоўнага ровара і не ўтойваў, якім чынам той аказаўся ў яго.

Прыйсці паглядзець на веласіпед прыклыпаў нават дзед Грышка. Ацаніў.

– У мяне, мусіць, ногі кароткія, а то б дастаў да педалёў, – сказаў ён, як заўсёды перад гэтым паправіўшы на галаве сваю аблезлую шапку. – Хаця і рэч добрая, а на калёсах лепей ехаць: круціць педалямі не трэба, асабліва, калі дыхалка слабая – як у мяне. Сядзі сабе, ды едзь. Хочаш, можаш варон лічыць. Цікава пасачыць, як Гірша Моцкін паедзе? Ці ўмее, анціхрыст? Мне здаецца, ён яго коціць, побач ідзе, а за руль трымаецца для праформы ... быццам ехаў-ехаў – ды толькі што злез.Хоць сярпы зубрыць спраўна. А навесці серп складаней, чым педалі круціць, тым больш такому дохламу, як ён.

Абедаў Гірша Моцкін у нас. Са свайго вузельчыка выклаў на стол кавалак кілбаскі, крышачку большы кавалачак хлеба з той жа торбачкі, а за боршч, які наліў яму ў міску дзядзька Хвядос, падзякаваў:

– А то гарачага рэдка ем. Не ўдаецца. Ваўка ногі кормяць. Работа такая, брат Хвядос. Ну, а ты скажы мне, хто яшчэ можа так працаваць, не ведаючы дня і ночы, акрамя дурнога Гіршы? Толькі Гірша Моцкін, толькі ён! І мне гэта трэба? Мог бы жыць спакойна, у вус не дзьмуць пры маіх патрэбах, не п’ю і не куру, а я во па вёсках, галаву задраўшы, коўзаюся. Цяпер, праўда веласіпед, то лягчэй.

– І ты праўда яго выйграў, Гірша? – улучыўшы момант, папытаў дзядзька Хвядос. – А то людзі тут гавораць такое...

– Людзі табе, брат Хвядос, праўду гавораць пра Гіршу Моцкіна. Вер людзям, і ты не будзеш мець ніякіх клопатаў. А гэта мне Бог падаслаў той веласіпед, дурному Гіршу Моцкіну, каб рабіў, як вол, за капейкі, на якія я не магу з’ездзіць да брата Яшкі ў Рыгу. О, Рыга! Ты быў, Хвядос, у Рызе?

– Не, не давялося.

– І я не быў. І вось я катаюся цяпер на веласіпедзе. Не сядзіцца мне каля сваёй Бэлы, дурному Моцкіну, дык я шаркаю напілкам ды посуд рамантую. А за кузню, брат Хвядос, дзякуй. Не трэба мне цягнуць у Журавічы нічога, а гэта ж вага, я табе скажу – не жартачкі, калі ўсё на руль павесіць сваё хадзяйства, тады цягне лісапед мой у адзін бок, хоць ты што яму. То ў кузні і папрацую. І за тое, што на начлег пусціў мяне, брат Хвядос, дзякуй табе не толькі ад мяне, але і ад маёй Бэлы.