Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 61

Васіль Ткачоў

Петрык хмыкнуў:

– Не бачыў, а нам расказваеш.

Дзед Грышка запярэчыў:

– Ты, Пецька, не яршыся. Я і Леніна не бачыў і Сталіна, а расказаць пра іх табе што хочаш раскажу.Бочку арыштантаў ажно.

Пра Сталіна лепш, дзед Грышка, не трэба. Адзін ужо расказаў, то цяпер ты нам расказваеш пра машыну, якая – варанок. Ну, ну, далей.

– Там адно акенца, і тое кратамі заканапачана. Во як. Не ўцячэш. А ў кабінцы, пытаецеся? У кабінцы не, не даўжно быць там кратаў...

На тым і развіталіся.

Уся наша вёска неўзабаве ведала, што забралі ноччу Мікіту, і людзі прыходзілі да кузні, нібы на свае вочы хацелі ўпэўніцца, што не хлусня пачутае, і вельмі бядавалі, што ўсё было праўдай.

Тамаш, як заўсёды, не мог угаманіцца:

– Ты чаго гэта на мяне так глядзіш, Хвядос, як Ленін на буржуазію? Думаеш, мая работа? Не, не касавурся: мне Мікіта дарогі не перабег.

Лізавета выказала сваё меркаванне:

– Але ж нехта паклёп адправіў на Мікіту! Хто? Што гэта я пытаюся, дурная? Хапіла ж розуму папытаць. Ніхто ж не прызнаецца, хоць і нашкодзіць.

– А ты, Лізка, паварушы сваімі звілінамі, калі такая разумная! – паглядзеў на Лізку, а потым на кожнага, хто прытупаў да кузні, Тамаш. – Не здагадваешся, пра што я?

– Не. Адкуль мне, бабе?..

– То я напраўлю думкі... Дзе прымак твой? Уцёк?

Лізка , пачуўшы пра прымака, зарагатала:

– Ці бачыў ён Мікіту твайго хоць у вочы? Скажаш, Тамаш! Прымаку адно трэба было... І гуляй, Лізавета! Мой прымак адну і тую ж кашу есці не прывык. Так што на прымака не зварочвай. Час будзе, Тамаш, і ўсё выясніцца.

– Гляньце, і яна, Лізавета, глядзіць на мяне так, як і Хвядос! Цьфу! – Тамаш плюнуў і пайшоў ад кузні, а траха пратупаўшы, павярнуўся і гучна сказаў: – Біце вошы на сваёй спіне, разумнікі! Во так!..

Як біць тыя вошы, ён не растлумачыў, і як можна было іх церабіць на сваёй спіне самому – таксама. Глупствы Тамашовы. Не атрымаецца на сваёй спіне... Ніяк. А ўслед за Тамашом і астатнія пачалі разыходзіцца.

Я тупаў да хаты і думаў: як там Мікіта? Што ён робіць у турме? Яго, відаць, і кормяць там абы-чым. Дзед жа Грышка усё ведае: «Салому даюць, а як вы думалі. Не булкі ж!» Як гэта – чалавеку есці салому, я не мог нават уявіць. Ды і дзе яны той саломы набяруцца на ўсіх, каго варанкі забіраюць? Не толькі ж у нас яны паездзілі, аднак і ў суседніх вёсках пашасталі – каля кузні наслухаўся, то ведаю.

Увечар, як класціся спаць, дзядзька Хвядос сказаў:

– Адпусцяць Мікіту. Калі такога чалавека трымаць за кратамі, то хто ж аднаўляць краіну будзе? Вунь работы колькі! Гарады ў руінах ляжаць...

Ён на хвіліну замоўк, уздыхнуў і паглядзеў прама мне ў вочы:

– А можа яны, Колька, такіх людзей і забіраюць з вёсак, каб краіну аднаўляць? Га? Каб гарады, што ў руінах?.. Калгасы бабы выцягнуць. Гарады трэба ў першую чаргу... Можа такое быць, Колька? Бясплатна ж. За пахлёбку.

– Не ведаю, – паціснуў я плячыма і паабяцаў папытаць заўтра на ўроку ў школе: настаўніца ж чытае газету і кніжкі.

Аднак дзядзька Хвядос мне запярэчыў:

– Не трэба. Пра гэта – не трэба. Ні-ні. Жыццё пакажа. Аднак я думаю, што Мікіта ўсё ж вернецца. Быць не павінна , каб не вярнуўся. Там разбяруцца...