Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 60

Васіль Ткачоў

– Гірша не пагадзіцца, – не адразу круціць той галавою.

– Чаму?

– У яго свой бізнес. Сярпы, нажы вастрыць. А ў кузні, брат, сіла трэба. Ды і хадзіць яму за чатыры вярсты кожны дзень цяжкавата будзе. Гірша ўжо стары чалавек.

Мужчыны яшчэ пэўны час думаюць, кім бы замяніць Мікіту, шкадуюць яго і спрабуюць вызначыць таго мярзотніка, які на яго данёс у органы, бо каваль і былы партызанскі камандзір іншы раз, аказваецца, мог ляпнуць сваім языком не тое, што трэба. І нават супраць Сталіна. Ды супраць Сталіна – канешне ж, мог. Я сам чуў, калі ляжаў на печы, а мужчыны спрачаліся пра палітыку і націскалі на тое, была б вайна ці не, калі б не Сталін. Вось і давысвятляліся. Мікіту забралі. Мне б, канешне, дужа хацелася паглядзець, што ўжо там за той «варанок», у якім павезлі быццам бы Мікіту. Дзядзька Хвядос так і сказаў: «У варанку, значыць, павезлі. М-да..!» Каб ведаў, што прыедзе той варанок, то мог бы ноч і не паспаць – падцікавалі б з Петрыкам. А так – праспалі. Соні!

Я адразу ўспомніў, як капалі торф на балоце, і да нас падышоў на перакур Мікіта і адразу ж паказаў на кар’ер, што быў побач і заплыў рудай вадой.

– Мой кар’ер, – паказаў ён на яго вачмі. – Мой... Немцы вунь за тымі дрэвамі... Ну колькі тут метраў? Два разы па сто – не больш. Гэта каб у лесе з імі сустрэўся, твар у твар, можна сказаць, там прасцей... А тут куды схаваешся? Страляць не будзеш – іх багата, нас трое... І вось у гэты кар’ер я і забраўся... Галава якраз пад кустом была – нават некалькі дурніц ротам хапнуў... А яны, гады, у ягады прыехалі, і мой куст потым увесь абшманалі, і як не заўважылі, аднаму Богу вядома. Паўдня прастаяў у вадзе. Добра, што дно цвёрдае было. А так усмактала б багна, і не выбраўся б. Ну, а розная драбяза ўжо і паздзекавалася надо мной! Грызе, а адагнаць не магу – руку з вады выцягнуць нельга, адразу плёскат немцы пачуюць. А хлопцы сядзелі ў іншых кар’ерах – хто дзе. Іх таксама не заўважылі. Пашанцавала.

І вось цяпер Мікіту забралі. Мне адразу ўявілася кузня без яго, пустая і халодная, і я патупаў з хаты на двор, а дзядзька Хвядос і Кастусь усё яшчэ сядзелі за сталом, паклаўшы на абрус кулакі. Трэба будзе і Петрыку сказаць пра Мікіту. І дзеду Грышку. Яму нават, можа, у першую чаргу, бо будзе дрыхнуць на печы і нічога не ведаць. Так і ёсць, ляжаў на печы. Калі жыла бабка Антося, то яна дапамагала яму злазіць з яе, а цяпер, бачце вы яго, сам здаровы ці хворы – злазіць. Мабілізаваўся на ўсе выпадкі жыцця.

– Іду, іду! – крэкча дзед Грышка, спаўзае на падлогу.

Не, каб папытаць, чаму так рана, што прывяло, а ён скардзіцца, што зноў лапухі трэба збіраць: занядужыў. Аднак калі мы яму расказалі пра Мікіту, ён адразу ж забыўся пра свае балячкі, глядзіць на нас шырокімі вачыма і слова вымавіць не можа. Падалося, што страціў прытомнасць. Ажно не – глыбока ўздыхнуў і адразу ж выдыхнуў:

– Не можа быць, каб Мікіту?

Можа. Мы што, хлусіць будзем? Вельмі трэба.

– І не выручыш, калі варанок забраў. Гэта вам не хухры-мухры – варанок.

Вось ад яго мы і даведаліся, што гэта такое.

– Машына чорная, як сажа, мусіць...... Я, праўда, яе не бачыў...