Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 59

Васіль Ткачоў

– Мы на вуліцы пабегаем.

А самі наўгрунь да дзеда Грышкі. Стары ўзяў карабок, пашамацеў ім перад вухам, а тады папытаў:

– З дазволу ўзялі, ці сцібрылі? Цікава-інцярэсна... Прызнавайцеся, арлы!

Арол Петрык сказаў, каб дзед не хваляваўся, ці ж мы злодзеі якія-небудзь.

– Глядзіце ў мяне. А то з вамі можна і ў гісторыю ўліпнуць.

Дзед Грышка як у ваду глядзеў. Цётка Матруна пералічыла карабкі і выявіла прапажу. Адразу ж узняла лямант, а потым – вядомая справа! – спярша пайшоў у ход усё той жа ручнік, а потым мы вымушаны былі ісці да дзеда Грышкі і забіраць назад карабок. А куды падзенешся? Каб быў, і ўсё. Ніякіх адгаворак. Дзе хочаце бярыце. На што толькі не спасылаліся, а ёй хоць бы што. Баба, адным словам. Ды яшчэ скнара. Гэта каб у дзядзькі Хвядоса было столькі запалак, ён бы іх і лічыць не стаў, там бяры, колькі зачарпнеш. Эх! З якімі ж вачыма давялося тупаць да дзеда Грышкі – адным нам вядома. Петрык падштурхоўвае мяне наперад, я – Петрыка, так і пляцёмся. Прыйшлі, а старога і дома няма. Ажно лягчэй стала. Фу-у! Тады бачым: ідзе. Прыціхлі, чакаем. А ён, убачыўшы нас, усміхаецца:

– Што, па запалкі прыйшлі?

І адкуль ён, цікава, ведае.

– Ага, – гэта выціснуў з сябе Петрык. – Па запалкі... Матка спахапілася... Ага...

І не глядзіць на дзеда Грышку.

– То я сам аднёс іх тваёй матцы, Пятро, – сказаў стары. – І больш без дазволу старэйшых нічога не бярыце, хлопцы. Ніколі. Дамовілся?

Што нам, хіба цяжка было разам, у два галасы, гукнуць:

– Дамовіліся!

А дзед, хоць і па галаве не пагладзіў, але дужа і не журыў. Ён жа разумее, з кім мае справу. Мне і Петрыку па два разы адно і тое ж паўтараць не трэба. А з запалкамі мы што апраставалосіліся, то апраставалосіліся. Тут нічога не папішаш.

Бывае.

7. ВЯРТАЙСЯ, ДЗЯДЗЬКА МІКІТА!

«Мікіту забралі! Ноччу!» – ледзь толькі прадраў я вочы, калі пачуў, як нехта гаварыў у нашай хаце. «Мікіту забралі... Мікіту забралі...» Прыслухаўся да голасу, а не магу зразумець, хто гэта так так рана завітаў. Пасядзеў трохі на ложку – здаецца, нарэшце прачнуўся. Патупаў у першую хату, і ўбачыў за сталом дзядзьку Хвядоса з Кастусём. Гэта ён, танкіст, напіўся халоднай вады з крыніцы і асіп, таму я адразу і не пазнаў яго -- голас такі, нібы на ягонай шыі вузел завязалі вяроўкай. Я сеў каля іх. Пазяхнуў. Дарослым было не да мяне.

– Каго цяпер у кузню паставім? – паглядзеў на Кастуся дзядзька Хвядос. – Там жа абы- хто не справіцца – майстрам трэба быць, як Мікіта. Падкову выкаваць ці той жа вухналь мог толькі ён. І плужок зрабіць – таксама. Бяда-а-а...

– Хоць Гіршу Моцкіна прасі? – цяпер ужо Кастусь глядзіць на дзядзьку Хвядоса, чакае, як ён ацэніць яго падказку.