Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 58

Васіль Ткачоў

І вось аднойчы такі выпадак надарыўся. На самай горцы ў нашай Гуце ў хаце Ерамеевых пачала працаваць крама. Самая сапраўдная. Купляй, што пажадаеш. Толькі, як жартуюць вяскоўцы, купіла няма. Няма, няма, а таўкуцца перад прылаўкам людзі. І мы таксама. Асабліва падушачкі вабяць. Смаката! Дзядзька Хвядос прыносіў, частаваў нас з Петрыкам, то ведаем. А яшчэ ў краме пахне селядцамі, цвікамі і папяросамі. Ад усяго гэтага ў носе толькі казыча. Фу-у, га! А цётка Матруна насыпае ў хустку карабкі. Сама і лічыць: адзін, два, тры, чатыры... дзесяць... пятнаццаць... дваццаць... А потым збілася, плюнула і похапкам завязала хустку вузельчыкам. Пакуль яна завязвала, у нас і нарадзілася ідэя... А што, калі ўзяць ў хустцы непрыкметна адзін карабок і аднесці дзеду Грышку? Во рады будзе ён! У яго ж якраз і дэфіцыт на запалкі, ледзь на некалькі частак не скіпае адну, да таго беражэ. Мы пераміргнуліся, і Петрык усё зразумеў, таму, калі толькі выйшлі з крамы, ён адразу ўзяў у цёткі Матруны вузельчык з запалкамі:

– Давай я панясу!

Так, пачатак зроблены. Цяпер галоўнае ісці ззаду, аднак цётка Матруна, нібы разгадала ўсе нашы планы, падштурховае Петрыка наперад, і такое ўражанне, што вядзе дамоў яго, як канваір арыштанта. Што ж зрабіць? Як выцарапаць той злашчасны карабок, ды так, каб не ўбачыла цётка Матруна? Спярша думалася, што будзе ўсё лягчэй лёгкага – засунуў руку, заціснуў у кулаку карабок, і ён твой. І на табе, дзед Грышка, яго, запальвай сваю печ! Аднак – не, не ўсё так проста, як здаецца. Але ж Петрык у шапку не спаў, вылучыў усё ж момант і я толькі паспеў убачыць краем вока, як ён засунуў карабок у сваю кішэнь. А перад самай хатай вярнуў вузельчык назад сваёй маці: