Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 57

Васіль Ткачоў

– Это я вам, братиши, белую ночь привёз.

Ноч – і белая? Спярша мы не ведаем, што гэта за ноч такая, а калі Саныч кажа, што ў ягоным горадзе бываюць ночы, як дні, светлыя, хоць іголкі збірай, застаецца пагадзіцца: быццам не балбатун пляменнік цёткі Варкі, бо абы-хто столькі і вершыкаў не запомніць, у яго галава будзе мякінай набіта ці чым яшчэ, толькі не імі. Во, зноў дэкламуе:

И все тошнит, и голова кружится. И мальчики нахальные в глазах. И рад бежать, да некуда. Ужасно! Да, жалок тот, у кого денег нет!

Не ведаю, як вам, а мне падабаецца. Трэба будзе папрасіць Саныча, каб перапісаў вершы. Спатрэбяцца. У тым жа горадзе, калі паедзем з Петрыкам на зваршчыкаў вучыцца – а гэта мы цвёрда вырашылі – то прымусім такіх, як самі, раты разінуць да вушэй. А то ж! Толькі я падумаў пра гэта, а тут зноў танец.

– Попрыгаем, братиши?

Саныч паглядзеў на нас, але мы яшчэ ніколі не скакалі, таму толькі паглядзелі на яго здзіўлена, і ленінградзец падаўся да дзяўчынак. Адразу перад Надзейкай спыніўся. Гляджу, ужо кружаць... Мне ажно млосна зрабілася. Гэта ўжо замнога! Толькі прыехаў – і давай адразу запрашаць! Таксама харош і Надзейка, вяночніца. З першым стрэчным пайшла. Саныч пабудзе-пабудзе, ды і паедзе, а ты з кім застанешся, дзівачка? Што, можа , думаеш, ён і цябе ў Ленінград забярэ? Х-хы, ды там такіх, мусіць!.. Пачакай, пачакай, ты яшчэ пачуеш пра мяне. Нядоўга засталося. Толькі спярша трэба ўсё ж навучыцца танцаваць. Лягчэй за ўсё крыўдаваць на ленінградца альбо Надзейку, бо як я магу запрасіць яе, калі мядзведзь мядзведзем. Усё, вырашана: вучымся танцаваць. І ў тым жа гарадзе гэтая навука спатрэбіцца, а то будзеш там туйбень туйбенем. А хто б гэта нас толькі навучыў? Ну, над гэтым мы яшчэ падумаем... І тады на прызбе не будзем стаяць, рукі ў кішэні, а дадзім перцу. Надзейка, можа, першая разіне рот.

А пакуль хай пакружыць з Санычам. Не шкада. Ён чалавек добры. Толькі аслаб у сваёй блакадзе, хоць, бывае, так зарагоча, хоць вушы затуляй. Вось ад’есціся ў цёткі Варкі і паедзе горад свой пазбаўляць ад рознага ламачча і друзу, што застаўся пасля бамбёжак.

Ніяк у тым Ленінградзе без нашай бульбы.

6. ЗАПАЛКІ

Хацелася нешта добрае зрабіць дзеду Грышку. Торфу яму мы завезлі ажо тры кашы – два мы, гэта значыць дзядзька Хвядос, я і Петрык... цётку Матруну можна і не лічыць: яна толькі нам перашкаджала, адгаворвала. «Што гэта вы за дурні! Што, у яго сваякоў няма? Поўная вёска! То хай і паклапоцяцца. А дзе б гэта бачана, каб торф раздаваць налева і направа? Што гэта вы за гаспадары такія? Раскідоны!» Чулі? Аднак варта было паглядзець на цётку дзядзьку Хвядосу сваім цвёрдым і пранізлівым позіркам, і яна ледзьве рукі не падняла угору: адразу здалася. Вязіце што хочаце і куды хочаце. А нам толькі гэта і трэба. А яшчэ адзін кош перакуліў прама перад брамай старога Тамаш. Ад яго Грышка не спадзяваўся атрымаць такі падарунак, але ўсё роўна быў рады: хай хоць сам чорт пашле торф, абы было чым паліць у печы. Увесь торф мы з Петрыкам і занеслі ў хлеў. Ужо ў самым канцы паказалася Надзейка са сваёй карзінай і моўчкі таксама пачала насіць торф. Нават не папытала, ці можна. Знайшлася прынцэса! Але насі, не прагоніш жа, хоць нам і самім там не было чаго рабіць. Толькі разагналіся. Дзед Грышка спярша пахваліў нас, а потым і накарміў. Але Надзейка за стол не пайшла, заўпарцілася, а нам гэта толькі і трэба: больш самім дастанецца, бо ў старога , як заўсёды, шкрабаеш у чыгунках доўга, а нашкрабеш мала. Такі ядок, а нас жа не чакаў. Як з неба ўпалі мы, і адразу за ягоны стол – гоп. Аднак, наеліся. Сядзім, не хочацца дадому тупаць. Добра было мне, не ведаю, як Петрыку. Захацелася яшчэ нешта такое важнае, каб ён потым доўга ўспамінаў і ўсім хваліўся, зрабіць дзеду Грышку. Толькі што? Сядзім, думаем. Торф занеслі. Дроў у яго і так поўная дрывотня. Яшчэ нам стала цікава: калі і дзе ён іх столькі назапасіў? Быццам і не цюкаў сякерай. Мусіць, яшчэ калі была жывая бабка Антося, тады. Вады таксама яму прынеслі. У хаце сам падмяце, не вялікі пан, а то ўсё паробім, а што тады яму застанецца? Ды і калі шчыра, я не асабліва люблю драчом шкрабаць па падлозе – не мужчынская гэта справа. А яшчэ калі шчырэй, то дома я намёўся досыта: не будзеш жа дзядзьку Хвядоса прымушаць. Па-першае, ён даўгалыгі, яму няёмка нахіляццаа, а, па-другое, каб не быў старшынёй, то і нахіліўся б, нічога з ім не зрабілася.