Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 49

Васіль Ткачоў

– Накапаем торфу, дзядзька! – я выпяў наперад грудзі і паглядзеў на заступ, які стаяў у куце перад парогам. – Як няма чаго рабіць! Што мы, не мужчыны?

– Ды накапаем... яно так, – не надта, гляджу, паверыў мне Хвядос.

Ён патрымаў у руках заступ, паставіў яго на ранейшае месца, і толькі сказаў:

– Навастрыць трэба. Але ж у нас і каша няма...

Ну, гэта не праблема. Кош я хоць заўтра зраблю. Нават сёння магу пачаць. Была б лаза. А лазы хапае.

І я заняўся кашом. Нарэзаў лазы, а пакуль яе рэзаў, колькі разоў паказаў язык лупатай Надзейцы , якая чамусьці таксама была ў лазняку і шчыпала нейкія кветкі – вянкі, бачце вы, ім, дзяўчынкам, трэба. І гэта ў такі час, калі ўсе на балота збіраюцца, каб узімку у сваіх хатах печы і грубы паліць, а то можна так і насы адмарозіць, а ім – вянкі... Ну што з яе возьмеш, хоць бы з гэтай Надзейкі! Хі-хі ды ха-ха. І вачыма прама сваімі свідруе, нібы мяне ніколі не бачыла. Вяночніца. Такая і вырасце невядома кім, сама і бульбіну будзе ленавацца да роту паднесці – прыгатуй ёй ды і падай. Я б на такой ні за што не жаніўся. Вось пасля школы паедзем з Петрыкам ў горад, там, кажуць, выбірай сабе нявесту якую хочаш, на любы густ. І выбірам. А такой, як Надзейка, толькі і застаецца язык паказаць. На, на, на! Хопіць? Ці яшчэ? Гэтага дабра не шкада – не акрайчык хлеба даць. А яна і не злуецца, толькі ўсміхаецца... Але калі ўсміхаецца куточкамі вуснаў, дык прыгожа ў яе атрымліваецца...Фу-у, але ж няма калі хіханькі ды хаханькі строіць з гэтай Надзейкай, трэба цягнуць лазу да дзеда Грышкі і рабіць з ім кош. Толькі ён ведае, як трэба яго плесці. Пабурчыць, канешне, спярша. Невукам назаве. А тады і пакажа, як кош робіцца. У яго дык гэта лоўка атрымліваецца – шух-шух, і гатова! А ў мяне, калі верыць дзеду Грышку, рукі не туды глядзяць. І ён маімі рукамі тады кіруе – нібы лыжкай за сталом. Можа і тумака ўляпіць – за няправільнасць. Але не балюча. Так, для навукі. Летась мы з дзедам адзін кош разам зрабілі, але ён застаўся там, дзе і наша хата...Згарэў. Таму я крыху помню, як трэба будзе плесці кош, і спадзяюся, што дзед Грышка не будзе асабліва задавацца, што такі ўжо умека і спец у гэтых кашах, а я нікуды няварты. Там відаць будзе, дзед!

Надзейка набіваецца паднесці мне лазу. Яшчэ чаго не хапала. Гэта ж трэба ісці па ўсёй вёсцы, а што людзі скажуць? Малеча якая ўбачыць і будзе, выглядаючы з-за вугла, дражніцца: «Жаніх і нявеста...ці-лі, ці-лі... паелі ўсё цеста...» Не, я сам дацягну лазу, хоць і нарэзаў яе столькі, што за адзін раз не адолею. Бяды тае, вярнуся... Але без дзяўчынак. Няхай пляце вянок. Вянок – не кош. Кош – гэта патрэбная рэч, а без вянка можна пражыць. Вось так, Надзейка!