Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 48

Васіль Ткачоў

На печы, бывае, і ўрокі вучу. Вусныя. А калі збяруцца ў нас мужчыны, я выглядваю з-за коміна ці проста ляжу і слухаю, пра што яны гамоняць. Мікіта выпісаў газету і ўсім чытае. Астатнія каменціруюць пачутае. Іншы раз разгараюцца гарачыя спрэчкі. На роўным месцы. І я тады думаю: хто каго? Дзядзька Хвядос, як самы памяркоўны, супакойвае:

– Ад гэтага, што мы скажам ці не скажам так або гэтак, нічога, сябры мае, не зменіцца. Хто нас дзе пачуе? Сталін? Крэмль? Успомніце Тамаша. Па-рознаму можна да яго адносіцца, а чалавек праўду гаварыў, калі першы раз Козыраў прыязджаў. Каля маёй печы. Ніхто нас не пачуе, і ў звон біць не будзе...

Мікіта ўсё ж не здаваўся:

– А я гавару, што каб не Сталін... то б , можа, вайны і зусім не было!

Бач ты яго, Мікіту! Ён што, разумнейшы за дзядзьку Хвядоса? Каб жа не так. Старшынёй абы-каго не паставяць. Выбралі ж самага разумнага, галавастага. А не з бухты-барахты. Як сказаў бы дзед Грышка, у яго макацёр на месцы. Мікіта ж пра гэта таксама ведае, але ж задзіраецца. І навошта, каб папытаць у чалавека? Хай бы хто іншы, у каго клёпак не хапае, а то ж сам камандзір партызанскага атрада. Яшчэ і газету выпісвае. Грамацей!

А тады пра мясцовыя навіны, калі надакучыць палітыка, пачынаюць гаманіць. І пра жанчын, і пра мужчын... іншы раз забудуць пра мяне ці падумаюць, што я сплю, і такое скажуць, што мне потым сорамна перад імі паказацца, каб на вуліцу выскачыць па патрэбе. Застаецца хітраваць – раблю выгляд, быццам спаў, моршчуся, злёгку хістаюся, быццам яшчэ сонны, як леташняя муха, тру кулакамі вочы, дзіўлюся – дык гэта яны яшчэ ўсё тут? -- і выкульваюся ў сенцы.

Не пражывеш, не абхітрыўшы. Можна падумаць, што я па сваёй ахвоце так раблю. Вымушаюць.

Усё б добра, можна слухаць іхнія байкі, але ж смуродзяць – хоць сякеру вешай. Не прадыхнуць. Спярша я чмыхаў, як паравоз, а тады прывык да той атруты, і хоць мы таксама з Петрыкам ужо спрабавалі курыць сухое альховае лісце, горкае і пякучае, я ўзненавідзеў гэтае курэнне і пакляўся, калі вырасту і буду вялікім, нават не глядзець на табаку: каму трэба, той няхай і курыць, а я не дурань.

Не, ўсё ж разумны той чалавек, які прыдумаў печ. Не менш разумны і дзядзька Лёха, які яе выштукаваў, бы цацку, і паказваецца ў Гуце вельмі рэдка: стары халасцяк ходзіць з вёскі ў вёску, робіць не толькі печы і грубы, а, як падслухаў я за тым жа комінам, і яшчэ нешта... Дарослым можна пра гэта гаварыць, а нам, дзецем, – што ты!..

3. КОШ І ВЯНОК

Дзядзька Хвядос надоечы разважаў пра наша жыццё так:

– Вось мы, Колька, з табой у новай хаце цяпер жывём. Хата добрая, нічога сказаць не магу. Але траха перастараліся – трэба было не такую вялікую рабіць. Навошта нам палац быў? Гэта ўлетку добра, а зімой паспрабуй напаліць грубу, каб цёпла было. Ох, і апетыт у яе на торф будзе, факт. Вунь Лізавета з Варкай папрасілі, каб ім маленькія хаткі пабудавалі – з адным акенцам нат. Разумна. На першы час хопіць. А там, калі што, відаць будзе... Галоўнае, на ногі стаць. А мы – разагналіся... А цяпер вось думай пра паліва... І касіць, і сеяць... а тут яшчэ і на балоце трэба будзе павалтузіцца, каб торфу накапаць. Кашоў пятнаццаць трэба, мабыць. Поўных – як накласці... Так што, хата хатай, а парабіць нам з табой, брат, давядзецца.