Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 50

Васіль Ткачоў

– Падумаеш!.. – дзяўчынка так паглядзела на мяне, што я ажно разгубіўся і таму адвярнуўся, а яна яшчэ раз сказала гэтае самае «Падумаеш!», фыркнула, павяла плечуком, рашуча павярнулася і , падскокваючы то на адной назе, то на другой, пашыбавала ў вёску, а вянок круціла на пальцы, бы шапку са сланечніка.

Хм! Вось табе і вяночніца. Я доўга глядзеў услед Надзейцы, на пэўны час забыўся пра лазу, а тады ўскінуў вязанку на плечы і патупаў да дзеда Грышкі.. І хоць я стараўся не думаць больш пра яе, Надзейку, – а я б ёй лусту хлеба і не пашкадаваў, – а яно само думалася і думалася , ажно пакуль не прытупаў на падворак старога. Той сустрэў мяне пытаннем:

– Каму?

– Калі трэба, і табе прынясу...

– Прынясі, прянясі, хлопча, – ухапіўся дзед за маю прапанову, і я абрадаваўся, што дагадзіў яму. – А гэта – на наш кош лаза. Паможаш, дзед?

– Калі прынёс, то давядзецца. Будзем кашаплётствам займацца. А пакуль хадзем паснедаем.

– Снедаў...

– Тады пачакай. Я не затрымаюся. Люблю кашы рабіць. Асабліва, з гатовай лазы. Як вось цяпер.

Пакуль дзед Грышка снедаў, я зноў збегаў у лазняк, каб забраць тую лазу, што засталася. І на ёй, на лазе, ляжаў вянок... Я адразу здагадаўся, што гэта Надзейка паклала, а сама, мабыць, схавалася недзе паблізу і будзе назіраць за мной, што я зраблю з яе вянком. А што я зраблю? На галаву, канешне, не надзену, не хлапечая гэта справа вянкі насіць на чупрыне сярод белага дня. А ў руках патрымаць можна. І патрымаю, чаго ж. Не укусіць. А ён не такі і лёгкі. Пахне хораша. Я пашукаў вачыма Надзейку, але нідзе не заўважыў яе, павесіў вянок на галінку, узваліў на плечы зноў вязанку лазы і , пакуль нёс яе, чамусьці пашкадаваў, што не ўзяў вянок. Спатрэбіўся б. Ці мне, ці дзеду Грышку. Ён бы яго, канешне, павесіў у хаце на вялізны цвік. Калі прыгожы вянок, чаму б не павесіць? І ў нашай хаце з дзядзькам Хвядосам можна было б... Добра глядзеўся б. Над сталом. Толькі што гэта я ўсё пра вянок ды пра вянок! Вось-вось торф капаць трэба, а ў нас і каша няма.

Не быў бы дзед Грышка вясковым філосафам. Перш, чым узяцца рабіць кош, ён пасядзеў на зэдліку, пакрактаў, а потым расказаў пра сон.

– Як думаеш, Колька, к чаму б я палец парэзаў? – глядзеў стары на мяне і чакаў адказу. – Во гэты. Як цяпер помню... і кроў кап-кап-кап... на белы пясок.

– Пясок белым не бывае, – запярэчыў я.

На што дзед Грышка нахмурыўся:

– Мне лепш ведаць, які бывае пясок у маім сне.

–Жоўты пясок.

– У тваім – можа і жоўты, а ў маім белы быў, як з мелу. У чым і загваздка. Дык не падкажаш, к чаму б сон прысніўся, а?

Я пра гэтыя сны дык нічога толкам і сам не ведаю. Што я скажу яму? Паціснуў адно плячыма раз, другі... Старому такое не падабалася, ён усміхнуўся сам сабе, хехекнуў і прызнаўся:

– Ведаю, к чаму сон , я і сам, дзетка. Пецька вернецца з вайны. Магу паспрачацца.

– А на што?

– На жменю семак.

– Давай! – я ахвотна пагадзіўся, бо даўно не лузаў семкі, хоць і не падумаў, перш чым перабіць рукі, што аддам, калі прайграю: дужа закарцела семак. Але я паглядзеў на Грышкаў твар, і мне адразу захацелася прайграць яму тую жменю – не пераўнаць і мех, і два мяхі нават семак з вяртаннем ягонага сына Пятра.