Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 51

Васіль Ткачоў

Тады я і сказаў:

– Я хачу прайграць табе, дзед.

– А семак я табе і так насыплю. Дзе кішэня? Адтапырвай.

– Не трэба, дзед! – заўпарціўся я, бо паглядзеў на лазу, якая сіратліва ляжала перад намі і ўспомніў пра кош, якога пакуль няма. – Тады семкі. Пазней. Як зробім.

– Тады дык тады. А сыну майму, Пецьку, даўно пара. Гэта каб ён адзін быў, то ўжо б. А то ж з кабетай. Можа, затрымка якая. Можа яе не адпускаюць, калі важная асоба? Колькі людзей перабілі хрыцы, то паспрабуй так адразу і знайдзі замену. Няпроста. Але прыедуць, прыедуць... Ужо, мусіць, у дарозе... вось-вось заявяцца...Ну, дзе лаза? Падавай мне па адной – перабярэм спярша, адсартыруем, што адкінем, а як ты думаў... рабіць кош – дык надоўга... вам торф вазіць яшчэ ды вазіць... А ў мяне кош ёсць... ёсць кош у мяне... у пуні ляжыць... такі ж стары, як і сам... Цікава, а гэта мой Пецька умее кашы рабіць ці не? Вучыў, вучыў... Але за вайну мог і забыцца. Але калі ўмеў што рабіць, тое аднавіць лёгка. Кажу табе па сакрэту.

Пляценне каша заняло ўвесь двор, і калі хто недасведчаны паглядзеў бы, што мы тут робім, падумаў бы, не інакш, што развялі цэлую арцель. І тут лаза, і там лаза... няма куды нагу паставіць. А пасярод двара падымаецца, бы расце з зямлі, кош. Пляту і я . Бяру лазіну, і як вучыць дзед Грышка, прасоўваю паміж «рэбраў», якія ён называе каркасам. Потым другую, трэцяю... Дзед Грышка склаў нарэшце рукі на каленях, назірае толькі за мной, падхвальвае, а калі і заўвагу зробіць, што не так у мяне атрымліваецца.

– Такі кош як паставіш на калёсы, то ён як пан будзе на іх! – хітра ўсміхаецца стары. – Колькі торфу ўлезе ў наш кош, Колька, дык і не падлічыш! Што багата, то багата. Процьму тарфін памесціцца. Як піць даць. Галоўнае, каб конь пацягнуў. Калі ж коні цяпер дохлыя. Дыстрофікі. Але ж торф высушыцца, то ён лёгкі будзе. Ну што, хлапец, пара абедаць. А тады і закончым наш карабель. Бяжы, бяжы дадому.. У мяне дык і няма нічога такога, каб цябе пачаставаць. Суп адзін. Варка згатавала, дзякуй ёй. То не прападу. А ты збегай дахаты, падсілкуйся. Расцеш, цягнешся угору, то апетыт павінен быць. Ну, давай, давай... няхай цябе Хвядос пакорміць.

– А яго няма. Я сам знайду, што з’есці.

– І адразу прыходзь. На заўтра не будзем адкладваць тое, што можна зрабіць сёння.

Я пабег да сябе, а дзед застаўся сядзець на зэдліку. Калі я вярнуўся назад, ён спаў у хаце на ложку і ўсміхаўся ў сне. І я не стаў яго будзіць. А раптам ён бачыць зноў той белы пясок ці яшчэ што-небудзь такое, што яму прыемна бачыць? Кош я і сам магу дарабіць. Што там засталося. Дробязі. А калі амаль што кош быў гатовы, я залез у яго і таксама заснуў. Мяне разбудзіў дождж – ён так секануў, знянацку і спорна, што я падскочыў, бы апараны. А дзед Грышка глядзеў на мяне з клеці і смяяўся:

– Паспаць мы з табой, брат, майстры. Што стары, што малы – адна парода. Але ж кош агоралі, хоць і з прыгодамі, забрыкай яго каза!..

Пра кош я не адразу ўспомніў – доўга лыпаў вачамі і шукаў вянок, які прысніўся. Вянка не было. І Надзейкі таксама. Пасярод двара стаяў адзін толькі кош. А калі я ўсё зразумеў, таксама засмяяўся.