Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 47

Васіль Ткачоў

А то ўявіцца раптам, як адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца мой тата, глядзіць на мяне, усміхаецца: вось і я, Колька! Толькі таты няма і няма. А нехта распусціў чутку па вёсцы, быццам мая мама атрымала пахавальную, а мне не прызналася – пашкадавала. Так і забрала тую тайну з сабой. А я цяпер вось і не ведаю, чакаць тату ці не. Хоць што тут не ведаць – чакаць, абавязкова, каго ж яшчэ, калі не яго! І Сцяпана чакаць. І Пятра Лагойку, сына дзеда Грышкі. Усіх.

Ляжу на печы, і ўяўляю, як будзе ў нашай Гуце, калі ўсе яны, салдаты, вернуцца. Удзень – чаму ж, добра ляжаць, а ноччу страшна. У Іскані вунь парсюка ўкралі бандыты, кажуць усе ў нас, распаролі яму жывот, вантробы выпусцілі, а сала і мяса забралі. Цяпер гэтыя бандзюкі толькі і бачацца, як недзе на дварэ штосьці рыпне-скрыпне, і мроіцца, што яны там вынюхваюць нешта сваімі доўгімі і хлюпатымі насамі. А што ў нас вынюхваць, каб папытаць? У хлеве пакуль пуста, вецер гуляе. Ні парсюка, ні каровы. Адны куры.Хоць бы сабаку завесці. Дзядзька Хвядос усё абяцае шчанюка аднекуль прынесці, быццам яму там нехта не пашкадуе, аднак ці забывае, ці за нос водзіць. А сам і не прыйдзе тады-сяды начаваць. Адзін тут і слухай, затаіўшыся, ці не шлындае там па двары хто? Казаў жа: давай, дзядзька Хвядос, сабе аўтамат пакінем, адзін на двух, спатрэбіцца. Дык не, увесь наш арсенал зацапаў і адвёз у раён. Галава таксама! А сам цяпер: «Я, Мікалай, не буду начаваць сёння дома. Не баішся?» Было, што і баяўся, аднак Петрык навошта?А тады высветлілася – во дзівосы , га! – што Петрык на ноч да мяне, а дзядзька Хвядос – да яго. І дзе яны толькі размінаюцца? Дзед Грышка, калі даведаўся пра гэта, гыркнуў на нас абодвух і крыху мякчэй сказаў:

– Калі ўжо калгас, то і хай будзе калгас!

Потым я пасядзеў, падумаў і зразумеў, што значаць гэтыя словы. А значаць яны наступнае: можа так стацца, што ўсе мы – і дзядзька Хвядос, і цётка Матруна, і я з Петрыкам будзем жыць вось у гэтай хаце. Усе разам. Адной сям’ёй. Цікава, а будзе насіць Петрыкава маці, як і раней, ручнік на плячы і пускаць яго ў ход без дай прычыны? Наўрад. А то моду ўзяла. Дзядзька Хвядос ўкажа ёй на сваё месца, калі трэба будзе. Прывучыць. Пры ім такая самадзейнасць не пройдзе. Цыкне – і навядзе парадак, не дазволіць, ясная справа, каб нехта нас, мужчын, крыўдзіў.

Але пакуль – маўчок. Пажывем – там відаць будзе, што да чаго. Пабачым.

Печ жа новая, яшчэ лепшая, чым ранейшая, хоць яна і зроблена з той самай цэглы. Перасыпалі, ператрэслі. Трохі дабавілі новых цаглін спадыспаду– цэглу рабілі самі, на двары. Я больш мясіў гліну нагамі. Хоць ногі адмыліся – за ўвесь час, блішчэлі ажно, нібы воскам нацёртыя. Пячнік, дзядзька Лёха, зрабіў пяколку і камянок. У пяколцы цяпер ляжаць самыя сапраўдныя запалкі, загараюцца адразу, толькі шаркні па цёрцы. На камянку іншы раз мы варылі з дзядзькам Хвядосам бульбу, і тады не трэба было запальваць лучыну – светла і так у хаце, а сухія дровы патрэсквалі, салютавалі, і я толькі сачыў, каб яны далёка не стралялі, каб не сваволілі, а то, чаго добрага, трапіць вугельчык на апратку ці на што іншае, тады пагрэем неба.