Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 46

Васіль Ткачоў

– Хай Раюху каравуліць, – дзед Грышка паскроб пальцам за вухам. – Дзела такое, не кожны дзень бывае. Х-хе! Яно каравуль не каравуль, але і прашляпіць можна. Як я. Прашляпіў, калі Пецька мой паявіўся. Адвярнуўся кудысь, падыходжу да хаты, а ён, гарлапан, і крычыць ужо на ўсю аселіцу. Гарластым і вырас. Ды ты, Мікіта ж, памяркуй: на фронце бабу сабе знайшоў, ну, ці не ў мяне! Лагойка, адным словам.

А калі ўсе напеліся і наскакаліся, а потым зноў селі на стол, то раптам людзі зашапталіся, пачалі перадаваць навіну па ланцужку, адзін аднаму, і калі дайшла яна да дзеда Грышкі, тут ланцужок той не проста абарваўся, а трэснуў з вялікім грукатам. Стары ўстаў, махнуў рукой і строга сказаў:

– Цыц мухам - камарам! Ціха! Ядры вашу!.. У такі дзень хлапец у танкіста з Раісай нарадзіўся, калі наваселле. Цікава-інцярэсна, га? Супадзенне якое, землякі. Наваселле і народзіны. Значыць, шчаслівы будзе хлапец. Вось за гэта і я вып ‘ю да канца. І не толькі занюхаю. Ну, з Богам, за мальца, за новага жыхара нашай вёскі. – І ён кульнуў пітво ў свой бяззубы рот, аддыхаўся і сказаў: -- А я і ведаў, што танкіст нашкодзіць у нас. І тое добра! Карысная шкода!

Калі разыходзілія людзі з наваселля, то паабяцалі трохі пазней схадзіць да Раісы ў адведкі, глянуць, на каго падобны хлапец. Хоць дзед Грышка на ўсе сто перакананы, што на танкіста, на каго ж яшчэ – той нідзе свайго шанцу не ўпусціць. У любога на хаду падэшвы адарве. А Мікіта ўзяў старога за локаць, паказаў на падкову, што вісела над парогам, і гарэзліва ўсміхаючыся, паківаў на яго пальцам:

– Больш без дазволу не бяры, Грышка. Уцяміў? Усе падковы расцягнеш з маёй кузні, не будзе чым узімку і коней каваць. Ногі паламаюць.

– Яшчэ зробіш,– адмахнуўся дзед Грышка. – Былі б навеселлі. Былі б мы. А жалеззя знойдзем. Вунь яго, у полі, колькі!..

І Мікіта не знайшоў, што адказаць старому.

2. І ЗНОЎ НА ПЕЧЫ

Цяпер над печчу была столь. Не параўнаць. Хоць снег, хоць дождж – нічога не страшна. А толькі ляжы ды слухай, як кроплі сякуць па саломе і зрэдку, калі касы дождж, па акну. Дык гэта ўжо можна слухаць, нават прыемна. А калі слухаеш, то марыцца хораша – зусім, як у кніжцы. Хутчэй падрасці б. Ды ў школу ФЗН падацца, дзе, кажуць, не толькі форму даюць, але і кормяць. На токара ці слесара. Хоць не, лепш усё ж на трактарыста. Едзеш на трактары, як дзядзька Сёмка, а дзеці бягуць услед і гагочуць, нібы гусі: га-га-га-а! Канешне, просяцца, каб падвёз. Але ж куды я вас, малеча, пасаджу, калі ў кабіне месца толькі для мяне аднаго. Як адмерана. Нават Петрык, паглядзіце, не можа ўціснуцца. Так-сяк уладкаваўся. У цеснаце не ў крыўдзе. А як жа мне яго, дружбака, не ўзяць? Ну, гэта ўжо даруйце! А дзед Грышка змахне з галавы тады сваю аблезлую шапку, махне рукой і скажа ўслед:

– Забыліся, хто мне ласкуты падаваў, калі я кажухі шыў? Цікава-інцярэсна. То-та ж! Ці не я казаў, што з яго чалавек вырасце! Га? А вы не верылі, блазнюкі! Наце вам! Неслухі, адным словам!