Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 42

Васіль Ткачоў

– Бяры болі, болі бяры!

Ну, узяў. А навошта больш – няма калі разбірацца. Петрык жа сам растлумачыў:

– Жыўнасць весціся будзе.

Бач ты, ведае.

Каля брамы ўсё шэсце страчаў Тамаш. Пераняў у Маўры вечка са свячой, і запрасіў усіх у хату.

– А нам ісці? – паглядзеў на мяне Петрык.

Можна падумаць, што я ведаю. Аднак, калі Лізавета сказала, што ўсіх будуць частаваць баршчом, аладкамі-мачанкамі , кашай і кісялём, то і дурню зразумела: канешне ж, ісці! Нават бегчы трэба, а то можна і спазніцца. А на стале і сапраўды было шмат страў. І пах цудоўны! Хутчэй бы паласавацца. Аднак Тамаш не надта спяшаецца. Канешне, куды яму спяшацца – сам налопаўся, вядома ж, пакуль чакаў усіх, таму і ў вус не дзьме. А ў нас слінкі цякуць. Маўра таксама харошая – топчацца, як не жывая. Так можа і свяча патухнуць ад непавагі да людзей. Нарэшце сказала:

– Людцы добрыя, давайце запросім да нашага стала сына нашага Георгія і Антосю, і ўсіх нябожчыкаў, хопіць ежы...

Ды калі б тут былі адны нябожчыкі – ого б мы наеліся! А то ж усе рукі цягнуць. Не дабрацца да стала. Так-сяк прыстасоўваемся, гэта дзеду Грышку цяжэй: з яго жыватом не разгонішся асабліва, ён толькі пыхкае, бы самавар. Адціраюць старога. Трэба выручаць. Зубоў у Грышкі няма, то яму добра будзе кісель з кашай, чым неўзабаве мы і забяспечылі старога: прыемнага апетыту, Грышка!

Стары падзякаваў і спытаў:

– А самі ж?

Можна было падумаць, што ён не бачыў, хітраван, як мы церабілі. Ух і наеліся! Жываты парабіліся, нібы тыя бубны. А на стале яшчэ хапала ўсяго. Цікава, і хто ж гэта будзе даядаць?

Добра, што было свята. І шкада, што яно кончылася.

Назаўтра Петрык прапанаваў:

– Давай сходзім да Тамаша, паглядзім, як свяча гарыць.

Я спярша пагадзіўся, а потым адмовіўся: не кожны ж дзень павінны быць святы...

12. ЗРУБ

Ну, вось і надыйшоў той дзень, калі дзядзька Хвядос сказаў за снеданнем:

– Сёння, Колька, пачынаем хату будаваць.

Хацелася гукнуць: «Ура!», але мяне апярэдзіў дзядзька Хвядос:

– Будзем радавацца, калі зруб зробім і дах змайструем над галавой. А тады, ужо не спяшаючыся, перанясём туды і печ. Як жа без яе? Не, сяброўку сваю не пакінем, забярэм з сабой.

– Забярэм, – пагадзіўся , вядома ж, і я, бо не ўяўляў нават, як можна жыць у хаце без печы.

І адразу ж людзей каля нас сабралася – уга колькі! Нават дзед Грышка прытупаў, з той самай сякерай, з якой збіраўся на паляванне, але яго пыл астудзілі тады мужчыны. Пасля таго, як маланка забіла бабку Антосю, дзед Грышка крыху змяніўся – пасмірнеў, ці што: яго цяпер менш бачаць на вуліцы і не так часта чуюць ягоную філасофію. Аднак, калі прачуў, што старшыня пачынае будаваць хату, не ўседзеў дома, таўчэцца каля нашай печы.

– Хвядос, сякеру навастрыў, бачыш? – паказвае ён інструмент. – Што брытва. Тады не спатрэбілася, то сёння, спадзяюся, адвяду душу.