Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 43

Васіль Ткачоў

Дзядзька Хвядос усміхаецца:

– Адвядзеш, Грышка, абавязкова. Хоць і цяжка табе будзе, гляджу, уціснуцца... Мужчын – бачыш? – колькі. Канкурэнцыя!

– Я пазаканкурэнцыяй, – махае сякерай дзед Грышка. – Так, як я, рэдка хто цёс зробіць.

Але Мікіта не пагадзіўся:

– Адпачні, Грышка. Ці не намахаўся ты за сваё жыццё сякерай?

Дзед Грышка адбівае чарговую атаку:

– Ша! Талака ёсць талака. Тут усе роўныя. І не камандуй, а то парушыш усе мае планы. Во так! Я, можа, сабе слова даў: памагчы старшыні хату пабудаваць, і можна будзе... Во так!

Пэўны час было ціха, усе маўчалі, а потым – бы па камандзе – заляпалі сякеры, пасыпаліся жарты, а дзед Грышка пагадзіўся нарэшце, што тут шмат працы і без ягонай сякеры, таму паклаў яе на загнет, і спярша пэцкаў галавешкай шнур, каб мужчыны маглі адбіць роўную палосачку на бервяне, а тады разам са мной і Петрыкам збіраў трэскі, якія мы зносілі ў адну кучу.

– Калі талакой рабіць, то любая работа добрая, – казаў ён і зрэдку цыкаў на нас: – Варушыцеся, малеча! Гэта вам не суп лыжкай сёрбаць за сталом. А мне вось цікава-інцярэсна, у які бок вокны будуць у гэтай хаце? Туды ці сюды?

Дзядзька Хвядос пачуў дзеда Грышку, узяў таго за локаць, павярнуў:

– Вось у той бок будуць вокны... Да сонца... І шлях відаць... Як на далоні.

– Цікава-інцярэсна! Давай, старшыня, хутчэй будуй жытло ды перабірайся ў хату, – дзед Грышка глядзеў удалячынь, на ягоных вачах заблішчэлі слязінкі, але стары не зважаў на іх, не саромеўся. – Калі Пятро мой не вернецца да зімы, то дазволь перад тваімі вокнамі іншы раз пасядзець: узімку холодна чакаць на вуліцы... І во, забыўся папытаць: не пашкадуй колькі трэсак... падсохнуць, то на распал добра будуць...

Шляхам у нас называюць шырокую дарогу, якая вядзе з вёскі да шашы. І ўсе мужчыны наблізілся да Хвядоса з Грышкам, стаялі побач, і таксама глядзелі ў той бок, адкуль прыходзяць у нашу Гуту заўсёды і смутак, і радасць...

На шляху пакуль нікога не было відаць.

І мужчыны пачалі зноў цюкаць сякерамі – будавалі зруб. А дзед Грышка нагроб трэсак, пасядзеў з імі на бёрне, а тады з крэктам устаў і моўчкі пасунуўся да сваёй хаты. Мы з Петрыкам усхапіліся, набралі таксама трэсак і неўзабаве дагналі старога. Ён, пачуўшы нашы крокі, спыніўся, паглядзеў на нас, і, стомлена ўсміхнуўшыся , сказаў:

– Вы, хлапцы, мне і памерці не дасцё!

Не дадзім, дзед Грышка.

Не атрымаецца.

Будзем жыць.

Для чаго і хаты будуем з вокнамі да сонца і на шлях...

Частка другая. НА БАЛОЦЕ

1. НАВАСЕЛЛЕ

Што не кажыце, а Петрык любіць падлабуньвацца да дзеда Грышкі. Вось і на наваселлле побач, плячо ў плячо, прытупалі стары і малы. Нават маці яго, цётка Матруна, адстала. Дык яно ж і праўда – хіба за такімі угонішся, паспееш! Асабліва, калі ў хаце сталы ломяцца ад ежы. Слінкі пракаўтнеш. Петрык, праўда, ужо паспеў паласавацца: разам жа мы і чыгуны памагалі Лізавеце і Варцы ў печ стаўляць, і за вадой бегалі да калодзежа, ды і яшчэ чаго толькі не рабілі – стараліся, каб наваселле было як трэба, бо само ж слова «наваселле», праўда ж, нейкае дужа ўжо вясёлае, заліхвацкае, і яно пахне не толькі жывіцай і трэскамі, яно не толькі глядзіць на нас, людзей, светлымі вокнамі, але і голасам дзядзькі Хвядоса запрашае ўсіх за стол: