Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 44

Васіль Ткачоў

– Паглядзелі хату, а цяпер за стол, землякі! За стол, там і пагамонім!

Дзед Грышка падміргнуў мне і сказаў:

– А што мне было з гэтай хатай знаёміцца, калі я, можна сказаць, не толькі ад яе трэскамі снабдзіўся на цэлы век, але і генеральскія лампасы адбіваў сажай на бёрнах. Так ці не так, але ў баку не стаяў! Хвядос, пацвердзі!

Дзядзька Хвядос шырока ўсміхнуўся:

– А хто пра гэта не ведае, дзед?

– То-та ж! А гэта прымі, навасёл, ад мяне, – дзед Грышка ўзяў у кішэні падкову і пад аладкі ўсіх людзей, што набіліся ў хату, уручыў яе гаспадару. – Без яе аніяк нельга. На шчасце. Паказвай, куды садзіцца.

– На сваё месца, дзед, каб у акно зручна было глядзець, – нагадаў старому дзядзька Хвядос.

– Гэта ты правільна, – кіўнуў лысінай дзед Грышка і пачаў прабірацца на сваё месца. – Свая хатка, як родная матка. Так-так. Я таксама ўжо ў сваёй, у старэнькай, як-небудзь... Для кожнай птушкі сваё гняздо міла. Ну, я сеў. І ў акно дарогу бачу. Пачынайце міцінг.

Але наконт мітынгу яму запярэчыў Мікіта:

– Міцінгаваць прыходзь да мяне ў кузню. А тут наліваць трэба з бутлі. Каму не зразумела, паказваю – як. Глядзі, дзед.

– Ды ну цябе!– замахаў на Мікіту дзед Грышка. – Каго вучыць уздумаў, блазнюк! Супчык шчэ. Вы бачылі яго? Землякі! Ён яшчэ за матчын падол трымаўся, а я ўжо смактаў яе, халеру. Так што... ведай, дзе і што казаць, Мікіта.

Мікіта нешта адказаў Грышку, але яго ўжо ніхто не чуў, бо ў парозе паказалася Лізавета, яна трымала на выцягнутых руках ручнік, а на ім сонцам ляжаў прыгожы, як намаляваны, круглячок белага хлеба.

– Красна хата не вугламі, а пірагамі! – сказала Лізавета і перадала круглячок дзядзьку Хвядосу.

Той пацалаваў хлеб, адламіў кавалачак, пакаштаваў. А тады запрасіў паспрабаваць усіх нас.

– Мне калі мякішу толькі,– папярэдзіў дзед Грышка.

Я адкалупнуў яму таго, чаго і прасіў, але дзед не стаў есці, а паклаў той квалачак на ўскраек стала, а да Мікіты, які прымасціўся побач з ім, шапнуў:

– Занюхаю тады...

Што ён сабраўся занюхваць, я, канешне ж, здагадаўся: не маленькі, ведаю. І такая магчымасць яму неўзабаве прадаставілася. Дзед Грышка, пасля таго як дзядзька Хвядос падзякаваў усіх за помач і ўвагу, бо адзін бы ён хату такую, як звон, аніяк не агораў, адпіў траха з карца, а тады смачна занюхаў кавалачкам пірага. Пасядзеў крыху, і зноў паднёс яго да носу і ціха сказаў:

– Так пахне, што і пракаўтнуць страшка... Шкада. Нюхаў бы і нюхаў.

Мікіта пачуў, паклаў перад дзедам і свой кавалачак:

– Ад мяне асабіста. Глядзі, як сыты кот на мыш, а я з рыбай і капустай пазабаўляюся. А то молат не падніму. От. Ды ты, стары, і не выпіў? І тут увільнуў?

– Сваю дозу ўкінуў, – ціха адказаў дзед Грышка, пасядзеў яшчэ крыху моўчкі, зноў панюхаў кавалачак пірага, потым патрымаў у руках Мікітаў і вярнуў яго – падсунуў бліжэй да каваля, а сам заспяваў: