Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 40

Васіль Ткачоў

– Гошка ты Гошка! Ты не толькі людзям не дагадзіў, але і шэршням, маць іх так!.. Чаму, чаму ў цябе жыццё так павярнулася, сыночак? Хто тут вінаваты? Хто-о-о? – Тамаш, шырока разявіўшы рот, глядзеў на людзей, але тыя стараліся не сустракацца з ім поглядамі: што паробіш цяпер ужо, Тамаш, што паробіш!.. І разыходзіліся з пагоста, несучы з яго кожны сваё – хто спагаду, хто і нянавісць да Тамаша і да ягонага сына...

Дзед Грышка, як заўсёды, тупаў ззаду і хваліў шэршняў, якія нарэшце разабраліся з гэтым Георгіем.

– Разумныя істоты, хоць я іх таксама не надта каб цаніў, – казаў ён, шоргаючы лапцямі па зямлі, пра насякомых.– Але вось тут яны вытыркнуліся своечасова: на табе, Георгій, атрымлівай, што заслужыў. Вынеслі прысуд чалавеку. Памаглі людзям, іш ты!.. І адкуль яны, цікава мне, даведаліся, што ён здраднік? Мне вось гэта больш за ўсё цікава-інцярэсна. Хто шапнуў ім? Хоць і шкада мне Жорку – ён таксама мне ласкуты падаваў, калі я кажухі шыў.

Жніво пачалося неяк ціха і непрыкметна, хаця па тым, як рыхтаваліся да яго людзі, можна было спадзявацца, што дзядзька Хвядос будзе ісці наперадзе, а за ім жанчыны ў белых хустках... З песняй. Як і раней, да вайны. Але было не да спеваў, і таму людзі сабраліся на ўскрайку жытнёвага поля хоць і не арганізавана, але амаль у адзін і той жа час: адзін за адным, ланцужком, прыцягнуліся жанчыны з сярпамі і вузельчыкамі з ежай і глядзелі на дзядзьку Хвядоса, чакаючы ад яго, старшыні, мудрых, усцешных слоў. Але той маўчаў, толькі смактаў свай самасад, а калі сказаў: «Ну з Богам, жанчынкі!», тыя рассыпаліся, быццам разбегліся куры па дварэ, па ладнаму лапіку жытнёванга палетку. Дзядзька Хвядос яшчэ колькі пастаяў каля жанчын, а потым, спаслаўшыся на занятасць – ды хіба ж і сапраўды мала ў калгасе спраў! – патупаў у бок вёскі...

Бяда здарылася апоўдні, калі неба зацягнулі густыя цёмныя хмары, яго распаласавала бліска-віца, а потым трывожна загрукацеў гром і лінуў дождж – бы з вядра. Жанчыны пахаваліся ад яго ў бабкі, якіх жа самі ўжо паспелі нарабіць з тугіх снапоў. Схавалася і Антося, а серп паклала зверху на снапы. Мужчыны потым вінавацілі серп, які быццам бы узяў на сябе увесь зарад, бы маланкаадвод, але хто тут вінаваты, хто не, паспрабуй цяпер разбярыся... Бабка, у якой ляжала ўжо забітая маланкай Антося, загарэлася, жанчыны паднялі лямант, але іх пакуль яшчэ ніхто не чуў – вёска далёка, а дождж не пераставаў церабіць, сыпаў і сыпаў на зямлю... Толькі на яго ўжо ніхто са жней не звяртаў увагі – спярша спрабавалі ўратаваць Антосю, але потым зразумелі, што дарэмна ўсё, яна не дыхала і ўся была чорная, бы сажа, і тады яны здагадаліся адправіць каго-небудзь за старшынёй...

Праўду кажуць, што бяда адна не ходзіць. Цётку Антосю вельмі шкадавалі людзі – не тое, што Георгія: усе плакалі. Пасыпаліся слёзы і з маіх вачэй. Асабліва тады, калі на пагосце Ганна пачала маліцца Богу, а ёй падпявалі жанчыны. Тут і мёртвы заплача, не тое каб... Я раз-пораз паглядаў на дзеда Грышку, які зусім згорбіўся, пачарнеў, і мне больш за ўсё было шкада старога. І пакуль яго сын Пятро недзе яшчэ ваюе, як і Сцяпан дзядзькі Хвядоса, мы з Петрыкам паабяцалі самі сабе часцей заходзіць да яго і памагаць. А то як жа ён адзін? Ды і сумленне мець трэба: калі ў нас нешта не так, ці ў каго іншага, дзед Грышка тут як тут, першы прытупае. Змахне тады з галавы сваю аблезлую шапку, акіне люд зацікаўленым позіркам, і скажа: