Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 41

Васіль Ткачоў

– Мне вось цікава-інцярэсна...

І пачне разводзіць філасофію, якую не толькі мы, хлапчукі, але і ўсе дарослыя – хіба ж не відаць! – любяць слухаць.

Таму дзеда Грышку ў бядзе не пакінем.

Такое наша слова.

11. СВЕЧКА НЕ ПАТУХЛА

Учора мы здаліся дзядзьку Хвядосу. Трэба ж было калі-небудзь, не вечна ж нам хаваць тую зброю пад шыгаллем, калі вайна грукоча недзе далёка, і ўсе кажуць, што капут немцам і назад яму ходу няма. Навошта нам цяпер тыя ствалы? Дзядзька Хвядос уважліва слухаў нас з Петрыкам, а мы наперабой расказвалі яму пра кулямёт, аўтаматы і вінтоўкі, нават пра наган, што ў лесе. Думалі, скажа: «Ну што ж, пашліце, паказвайце, ваякі, свой арсенал», аднак ён нетаропка скруціў сваю цыгарку з самасаду, залізаў, як заўсёды, языком акуратны шоў на паперы, пыхнуў дымком. Толькі тады прамовіў:

– Хай пакуль ляжыць зброя ваша, хлопцы, там, дзе і схавалі. Не да яе. Я ў раён Козыраву паведамлю, ці ў ваенкамат, адтуль прыедуць і адразу ў лесе забяруць. Навошта нам цягаць зброю туды-сюды? Ці ёсць рэзон? А за тое, што прызналіся, малайцы.

А ўвечар таго дня ўся малеча набілася ў хату бабы Ганны, бо сказалі нам, што будзе свята. І не абы якое, а будуць аддаваць некаму свячу, і той, хто яе возьме, панясе па вуліцы ў свой двор. І трэба яе пранесці так, каб свяча не патухла. Цікава, што за свята такое. Затаіліся, назіраем. Баба Ганна, крадком паглядаючы ў свой зашмальцаваны царкоўны талмуд, моліцца Богу, ёй дапамагаюць жанчыны – не ўсе, а ў каго, відаць, ёсць голас. А можа хто і слоў не ведае? Раіса вунь толькі губамі шамкае, а ніводнага слова не вымавіла – адно што выгляд робіць. Артыстка. Каб Кастусь тут быў, то б на яго касіла вачмі, як баба Ганна на свой малітоўнік. Ціха, увага: Ганна скончыла, здаецца, сваю справу, утварылася паўза, і людзі заварушыліся. Ну, калі ўжо тую свячу панясуць? Навошта марудзіць? А то згарыць уся і не будзе чаго несці. Баба Ганна, здаецца, пачула мяне, і калі людзі зноў суцішыліся, папытала:

– Людзі добрыя, хто возьме свячу?

– Мы возьмем! – гэта сказала Маўра, жонка Тамаша, і ў хаце зрабілася яшчэ больш ціха, чым было раней. – Мы! Мы прывецім свячу ў сваёй хаце, якую яна, свяча, ачысціць ад усяго таго, чым забрудзіў яе наш сын Георгій.

Бач ты, што робіцца! Во куды свячу панясуць. Цікава, а што скажа баба Ганна, ці аддасці? А мне ж адразу ўспомніўся лес, Георгій, Тамаш... Аднак перабіла баба Ганна:

– Забірай, Маўра, свячу. Нясі.

Ганна з Маўрай абняліся, пацалавалі адну адну, а свячу паставілі на вечка з кадкі. Хоць Маўры падказалі, што свячу можа несці хто-небудзь з маладзейшых, але яна не паслухалася, сама ўзяла вечка ў рукі, і няўпэўнена, намацваючы нагамі падлогу, патупала з хаты. За ёй пачалі выбірацца астатнія. Гарыць свяча, палае. Толькі зрэдку хістаецца агеньчык, вось-вось быццам гатовы парвацца, як нітка, ды не – дрыжыць, трасецца, а жыве. Перад Маўрай ішла Ганна з іконай, а перад імі Лізавета – тая ўсюды паспее! – сцела салому, толькі паспяваюць ёй падаваць снапы. Салому ж адразу падбіраюць людзі, узяў і я. Петрык шапнуў: