Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 39

Васіль Ткачоў

У лесе было так, як заўсёды. Ціха і хораша. Спявалі птушкі, шасталі з галінкі на галінку, і толькі былі чуваць крокі вяскоўцаў – яны ішлі крыху наводдалі, але мы іх з поля зроку не гублялі. Зрэдку быў чуваць голас то дзядзькі Хвядоса, то Мікіты. Астатнія больш маўчалі. Але што за дзівосы?! Кабыла, Маруська, жывая! Яна пасвілася на ўскрайку, і цяпер яе вёў за аброць Мікіта. Нічога не зразумеем. Калі жывая кабыла, то чаму не павяртаюць нашы паляўнічыя назад, а прадзіраюцца ўсё далей і далей у лес? Якога ваўка яны шукаюць? І хто, а галоўнае для чаго прыдумана ўсё гэтае паляванне? Я пачынаў здагадвацца. Шапнуў Петрыку: «Відаць, Георгія хочуць зацапаць?» Петрык адказаў: «Так яму і трэба, здрадніку!»І мы, каб не адстаць ад дарослых, клубкамі каціліся ўслед за імі – ад дрэва да дрэва, ад хмыза да хмыза. Паказаліся паблізу ад нашай схованкі, але зрабілі выгляд, што яе ўвогуле не існуе, таму стараліся не глядзець нават у той бок.

– Вось ён!.. – пачулі раптам мы голас дзядзькі Хвядоса, і наўсцяж у лесе зрабілася яшчэ больш ціха і чамусьці, як ніколі раней, трывожна.

– Бедалага, – парушыў нарэшце маўчанне Мікіта. – Шэршні яму трыбунал вызначалі, і жорстка пакаралі. Так і чалавек не змог бы – пашкадаваў бы, мусіць.

І мы бачылі, як мужчыны садралі з галоў картузы – у каго што было на чупрынах і лысінах – і стаялі моўчкі, крыху нахіліўшы галовы наперад. У гэты самы час нейкая сіла штурханула усіх нас, хлапцоў, і мы, не саромечыся і нікога не баючыся, паказаліся са сваіх часовых схованак і сталі побач з дарослымі. Дзядзька Хвядос змерыў мяне абы-якавым, як падалося мне, позіркам і загадаў:

– Забірайце яго, Георгія, мужыкі. Пакуль яшчэ не акалеў, то на Маруську пакладзем... Яна давязе.

З лесу вярталіся моўчкі. Маўчалі і дарослыя, і мы. Самы раз было паказаць дзядзьку Хвядосу нашу схованку, але мы з Петрыкам перадумалі: сёння яму, мусіць, не да нашай зброі. Будзе час. Не апошні дзень жывём. Хоць, як звычайна кажа ў такіх выпадках вясковы філосаф дзед Грышка, не загадаеш. Не так, пэўна ж, думаў жыць далей і Георгій, рыхтаваўся, відаць, здацца ўладзе, усё расказаць, як яно было, спадзяваўся, канешне ж, што яго зразумеюць, хоць і не пагладзяць па галаве, але трохі і пашкадуюць. Чалавек заўсёды спадзя-ецца на лепшае. Але атрымалася як нельга горш – цесна стала ў вялікім Дзянісавым бары Георгію і шэршням, і цяпер ніхто не ўведае, хто каго зачапіў першы. Аднак перамаглі шэршні, пакусалі Георгія, і ён не вытрымаў – памёр.

Жніво перанеслі на адзін дзень – хавалі Георгія. На пагосце нічога людзі не гаварылі, акрамя Тамаша, які румзаў, бы малое дзіця, часта шморгаў носам і прамакаў на твары рукавом слёзы: