Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 38

Васіль Ткачоў

А пазней нехта з дарослых пусціў па вёсцы пагалоску, што воўк задраў кабылу, і гэтая бяда сабрала людзей каля Хвядосавай печы, які, перш чым выцягнуць з-пад печча ружжо, загорнутае ў анучыну, паківаў галавой:

– Ах ты, гора, гора. Як жа нам цяпер без яе, без Маруські?

І дзед Грышка тут як тут – прыскакаў з сякерай, махае ёю ў паветры, бы шабляй:

– На ваўка, на гада! Вы што гэта, Хвядос, мяне хочаце абмінуць, галоўнага, можна сказаць, паляў-нічага? На паляванне – і без мяне? З якога часу? Я павінен з тым ваўком сустрэцца твар у твар, вока ў вока!

Нехта пырснуў смехам:

– А падштанікі запасныя ёсць?

– Ёсць! Знойдзем! За гэта, грамадзяне, не хвалюйцеся. Ша! Я за такую кабылу таму ваўку галаву звярну на бок. Я ж яе – хіба не помніце? – жарабём выхадзіў, калі яна нагу падвярнула. Для чаго – каб ваўку дасталася? Во яму! – і ён варсануў дулю ў паветра. – Я ўжо за вайну і забыўся, што ваўкі гэтыя ёсць – страшнейшыя звяры іх захінулі, пахавалі. А яны, быдлы, ёсць, аказваецца.

Хвядос пагадзіўся:

– На наш з табой век іх яшчэ хопіць.

Вылучыўшы момант, папрасіўся на паляванне і я. Дзядзька Хвядос, каб адчапіцца ад нас, хіба ж не вядома, паабяцаў даць нейкае іншае, але не менш адказвае і важнае заданне, а дзед Грышка, падлабуньванец стары, хехекнуў:

– Гэта, брат Колька, табе не лемяхі ў кузні падаваць! – І да дзядзькі Хвядоса: – Калі думаеш будавацца, старшыня?

Я ж і кажу: яшчэ той падлабуньванец! Каб на паляванне ўзялі, дык, бачце вы яго, здалёку пачынае... пра хату. Можна падумаць, што і ты дапаможаш. Калі толькі языком. А дзядзька Хвядос яшчэ і адказвае яму, бы няма больш чаго рабіць:

– За восень трэба. Куды ж яшчэ больш цягнуць? Только спярша ў арцелі трэба парадак навесці. На печы начую. А што? На ёй цёпла. Хай вунь Колька скажа...

Я кіўнуў, бо ўсе паглядзелі на мяне, і мне больш нічога не заставалася, як пагадзіцца, што на печы лепш, чым дзе.

Дзед Грышка, хітраван стары, памеўся дапамагчы паставіць зруб, яшчэ і сказаў:

– Вось падрамантуюся трошкі... А то яно не зусім зручна атрымліваецца: старшыня, першы чалавек у калгасе, і спіць пад голым небам. Як на вакзале. Як бяздомны.

Дагаварыўся! Пачаў за здравіцу, а скончыў за ўпакой. Добра, што прытупаў нарэшце Мікіта, і дзядзька Хвядос загадаў нам, хлопцам, і дзеду Грышку, сядзець дома, а самі яны – бач ты, начальнікі! – падаліся, не аглядаючыся нават, у бок лесу... Дзед Грышка доўга скардзіўся нам на «калгаснае начальства, якое далей свайго носу нічога не бачыць», таму і дапусціла яно нямаведама якую памылку, што не ўзяла яго на паляванне, і што ўсё гэта ім некалі вылезе бокам. «Шалапуты!» Ён думае, што і нам не крыўдна? Аднак скардзіцца мы не прывыклі – усе хлопцы, у тым ліку і я з Петрыкам, неўзабаве шуганулі ўслед за паляў-нічымі – варта ім было толькі схавацца ў лесе. І мы не лыкам шытыя. Так проста нас не аб’ягорыце. А дзед Грышка зусім разгубіўся, доўга яшчэ таптаўся на адным і тым жа месцы, а тады патупаў да хаты... Але перш чым пайсці, шпурнуў перад сабой сякеру. Злосна так, ажно вылаяўся. А куды яму, старому і нямогламу, было падзецца? За паляўнічымі не паспееш, а за намі – тым больш! Не галопам жа бегчы яму? Пайшоў зноў, відаць, серп вастрыць сваёй Антосі.