Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 4

Васіль Ткачоў

Бач ты: дзеўка! Цётка Варка – і дзеўка? Але хай будзе і так, няма калі cпрачацца з дзядзькавымі параўнаннямі, бо з розных бакоў да печы неўзабаве падыходзяць усе, каго ён паклікаў.

– Абжываешся, сусед? – кіўнуў на печ Мікіта.

Дзядзька Хвядос замітусіўся:

– Ды вось... трэба. Вы падсядайце, падсядайце бліжэй да чыгунка.

Цётка Лізавета выцерла аб спадніцу рукі, паскардзілася:

– Колькі і вясны тае, а ўжо пустазелле прэ – спасу няма.

Варка заглянула ў чыгунок, і твар яе засвяціўся:

– Ніяк бульбы наварыў, Хвядос?!

– Бульбы. Вы частуйцеся, частуйцеся. І есці хочацца, а ў рот не лезе. Калі ж адзін. Прывык на фронце гуртам.

– Там – калектыў! – з веданнем справы засведчыў Мікіта.

– Дружна жылі, – кіўнуў дзядзька Хвядос. – Ага. Гэта праўда. Іначай як бы мы таго фрыца адолелі?

Варка пальцамі націснула на бульбіну, тая і рассыпалася.

– Гляньце, разварылася як! – выпяла наперад грудзі яна. – Гляньце!

Лізавета асцярожна папытала:

– Хвядос, няйначай, з сабой яе прывёз, бульбу? З вайны?

– Угадала, суседка, – цыўнуў вейкамі дзядзька Хвядос. – Прывёз. Не тое, каб ад голаду – харч такі-сякі ў мяху быў – а так... захацелася ў руках яе патрымаць. Дай, думаю, памяняю боты на бульбу. Згандляваўся. І пакуль ішоў да хаты са станцыі, амаль увесь час перабіраў бульбу рукамі. Прысяду адпачыць, а рука сама лезе ў мех, роднае чуе. Налюбавацца не мог бульбай.

Мікіта ўзяў бульбіну, патрымаў крыху ў руцэ і адразу ж паклаў назад у чыгунок, ссунуў бровы і сказаў сумна:

– Перажылі... Хапіла... Эх, жыццё-бляшанка, маць яго занагу! Нічога, нічога, бабы. Будзе мір на зямлі. Будзе. Насып, Хвядос, тытуню.

Дзядзька Хвядос палез у кішэню па тытунь, а Лізавета папракнула:

– Што ж вы, мужыкі, курыць адразу? А бульба?

Мікіта, атрымаўшы порцыю тытуню, павясялеў, засмяяўся:

– А вы, бабы, не бульбу ясцё!

– Як – не бульбу? – Варка затрымала каля роту бульбіну, паморшчылася. – Як – не бульбу? А што ж гэта тады, Мікіта?

Мікіта кашлянуў у кулак і сказаў:

– Вы ж боты Хвядосавы страўляеце, галовы вашы садовыя!

Усе дружна засмяяліся. І я таксама. Мне было цікава слухаць, аб чым гамоняць старэйшыя. Я сядзеў на печы, звесіў з чарэні ногі і смачна еў бульбіну, якую падаў мне дзядзька Хвядос.

Калі смех прыціх, Мікіта сеў, залізаў языком шоў на самакрутцы, ціха мовіў:

– Былі боты, ды сплылі. А цішыня – вось яна... Бярыце, карыстайцеся, людзі. Калі салдат боты памяняў на бульбу – будзе цішыня...

Лізавета змахнула слязу са шчакі:

– Дай ты божанька, дай ты родненькі!..

Мікіта пыхнуў дымком, вочы павесялелі і ён ахвотна працягваў:

– Багата шкоды нарабіў хрыц. Паныюць яшчэ і рукі, патрашчаць і косці, пакуль да ладу прыб’ёмся. Сам не ведаю, з чаго жыццё пачынаць. Я мех жыта закапаў пры немцы ў свіране... калгасны мех. Цяперака думаю – пара, можна вымаць. Зазірнуў туды – дулю з макам. Усю зямлю пераштыкаваў – няма-а! От! Падгледзеў хто, ці як разумець?

Дзядзька Хвядос трывожна глянуў на Мікіту:

– А хто б мог?

– Хочаш вер, хочаш не, – аблізала губы Варка, – а я на Тамаша думаю. Паглядзіце, як ён змяніўся ў апошні час. Быццам другі чалавек. Быццам пад-мянілі. Людзей стараніцца, хаваецца. Як кот, які смятану з’еў.