Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 3

Васіль Ткачоў

Слухаў я дзядзьку Хвядоса і бачыў Сцяпана як жывога. Такі ж высокі, такі ж прыгожы. А ў горле засеў камяк... Я расшпіліў верхні гузік на сарочцы, але ўсёроўна дыхалася цяжка. Загухкаў кашлем. Спалохаўся, што выдаў сябе, але не – дзядзька Хвядос сеў на бервяно, пачаў згортваць самакрутку, не перастаючы размаўляць з печчу:

– А тады Сцяпан жонку ў хату прывядзе, яна дзяцей нараджае. Без людзей – што за зямля? Без добрых людзей. Так, адна назва. Усё, усё будзе. Наладзім жыццё. – Ён устаў, прыкурыў ад вугельчыка. – Вось... А пакуль пачакай. Пачакай пакуль. Бачыш, як яно ў жыцці бывае? Усё, здаецца, можна знішчыць... Усё... Нават чалавека. А вось печ – не... Не прыгадаю, каб печ па цаглінках рассыпалася. Не прыгадаю. Хат няма, а яны, печы, стаяць. Дзе там снараду цагліны тыя разняць. А ведаеш, чаму так? Таму што ты – святое тварэнне, вечнае. Агонь у тваім нутры, печ. Мірны агонь. І патушыць яго – рукі кароткія!..

Дзядзька Хвядос тыцнуў кудысьці ўбок дулю, і я здагадаўся, каму яна прызначалася. Атрымлівайце ад салдата!

Раптам Хвядос павярнуўся да куста, у якім я сядзеў, бы мыш пад венікам, баючыся дыхнуць і варухнуцца, і загадаў:

– Вылазь, Мікола, ды ўзбірайся на печ. Там мая шынэлка. Там – цёплая чарэнь: я сёння бульбу варыў. Падам і табе. Вылазь, вылазь. Мяне няма чаго баяцца. Гэта немец мяне баяўся. А ты ж – свой, тым больш – сусед.

Мне нічога не заставалася, як паказацца. Дзядзька Хвядос паціснуў маю далонь:

– Ну, будзем здаровы. Бачу, бачу, што з вашай хатай. Няма і ў мяне пакуль даху над галавой. Таму, сусед, давай разам жыць будзем. Калі не супраць. На печы. Згода?

– Давайце, – кіўнуў я.

– Скачы ад печы, жэўжык. Яна, як і хлеб, – усяму галава. Залазь. Азяб, бачу.

На печы і сапраўды было цёпла. Але ж і на дварэ не холадна. Наўсцяж буялі кветам пладовыя дрэвы. Свяціла сонейка. Таму я, спярша паляжаўшы на дзядзькавым шынялі, устаў і дзівіўся, што робіцца вакол. З печы далёка відаць. Убачыў Петрыка. Ён нёс у хату ад калодзежа кадку з вадой. Мне зрабілася няёмка: што ж атрымліваецца, я здрадзіў яму, цётцы Матруне? Дзядзька ж Хвядос прапа-наваў жыць разам. На печы. А чым кепска? Ды і хата ж мая побач. Хата была, а вось агарод і сад засталіся. І тады атрымаецца, што я патрохі вяртаюся на сваё селішча. А прыйдзе з вайны тата, мы і хату агораем. А Петрыку і цётцы Матруне дзякуй. Толькі як сказаць ім, што я пакідаю іхнюю ўтульную і хлебную хату? Няпроста. Аднак трэба.

А тым часам дзядзька Хвядос паляпаў па рэйцы, што вісела нападалёк ад печы на слупе. І паклікаў:

– Мікіта-а! Зазірні-тка да мяне. Лізавета-а! Хопіць табе на агародзе калупацца! Давай сюды! Варка-а! Дзе ты там, дзеўка?