Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 6

Васіль Ткачоў

– Ёстваю няхай, га! Сала-а! Такія вось нашы справы, ядры ў корань. Радасна, таму што цішыня наўсцяж, дыхнуць боязна, не спудзіць бы яе, і горка-балюча, як успомніш, што за спіною заста-лося. А што яшчэ чакае нас наперадзе?

Варка і Лізавета раптам заплакалі, потым абняліся, і румзалі яшчэ гучней. На што Хвядос сказаў:

– Няхай паплачуць. Няхай. Слёзы для душы – як той дождж для зямлі ў сухмень. З карысцю. Няхай паплачуць.

Жанчыны, можа, і далей бы плакалі, лілі слёзы, але з’явілася Кацярына з галавешкай на руках, і Варка з Лізаветай пасмірнелі, зашморгалі насамі і пачалі прамакаць хусткамі слёзы на тварах. Кацярына ж па чарзе паглядзела на кожнага, а потым пачала гаварыць гучна і пераканаўча:

– Сядзіцё? Сядзіце, сядзіце, людзечкі. А я бягу. Спяшаюся я. Няма мне калі з вамі бавіцца. Міколка мой з вайны вяртаецца. На шляху сядзіць, пераабуваецца. Нагу нацёр. Зараз пабягу, чамадан памагу яму несці. Вельмі цяжкі чамадан у яго. І чаго ў ім толькі няма – вы б пабачылі! Падаруначкі дзеткам з вайны нясе. Сяргейку пілотку і гімнасцёрачку пад ягоны акурат расточак. Ганначцы сукенку ў гарошынкі вось такенечкія, – яна зрабіла з пальцаў кружачок, – а меншанькай, Волечцы, – чаравічкі. У іх яна будзе на выгане гусянятак пасвіць. І ўсім-усім цукерак шмат... і падушак, і ў паперках што... сядзіць Міколка, стаміўся. Ён заступіцца, ён не дасць дзетак у крыўду. А я яму яблыкаў нясу.

Мікіта скрывіўся, ёрзнуў на бервяне:

– Кацярына, ты пасядзі, адпачні з намі. Бульбы паеж.

Кацярына не пагадзілася:

– Некалі мне. Міколка чакае.

– Пасядзі, пасядзі з намі, – прапанавала Кацярыне і Варка.

Кацярына пагрозліва тарганулася, сказала Варцы гнеўна і рашуча:

– Ты ў сваім сэрцы смерць носіш!

– Каця! – прыкрыкнула Варка і пазначыла сябе шчопацем рукі. – Што ты гаворыш? Ой, людзі!

– Твой муж дзе? А мой дамоў вяртаецца. Жывы. Назусім. Жывы-ы!

Дзядзь ка Хвядос сказаў ціха і памяркоўна:

– Няхай ідзе. Няхай сустрэне.

Аддаляючыся ад людзей, Кацярына азіралася і шаптала:

– Міколка чакае... На шляху сядзіць... Нагу нацёр... Жывы... Жывы Міколка...

Мікіта злосна плюнуў:

– Праклятушчая вайна! Што зрабіла з чалаве-кам? Што нарабіла з людзьмі?

Лізавета заплакала, давілася слязамі, але нагадала дзядзьку Хвядосу пра тое, аб чым я добра ведаў. Але няхай лепш яна раскажа. Я, мусіць, і не змог бы: расплакаўся б, гэта дакладна. А Лізавета толькі шморгала зрэдчас носам і гаварыла ледзь не ў самае вуха Хвядосу:

– Ну хто б на яе месцы перажыў смерць дзетак? Яна ж, Кацярына, сувязной ў атрадзе была... у Мікіты... Прыйшла дамоў, а яе чакалі... Данёс нехта... Дзетак па расточку во так паставілі... і з боль-шанькага, Сяргейкі, пачалі... Дапытваліся ўсё, дзе партызаны... А калі да меншанькай чарга дайшла, тут Кацярына і зусім не вытрымала, у ногі немцам кінулася, крычаць пачала. А тады адразу быццам анямела. І пра дзяцей забылася. Устала і пайшла... Забілі, гады, без кулі чалавека.

Варка ўздыхнула:

– Госпадзі, і як яна далей жыць будзе?

– Не убераглі мы яе, Кацю, – паскроб лысіну Мікіта. – Мая віна ў тым, што дзяцей не паспелі схаваць. Можа ёй... вось такой і лягчэй пасля ўсяго, што здарылася?