Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 2

Васіль Ткачоў

– Дык ты ідзеш? – напомніў Петрык.

– Ага,– сказаў я і паплёўся за ім.

Насустрач нам патрапіла Кацярына. Параўняўшыся з ёй, мы спыніліся. Нам шкада было гэтай маладой прыгожай жанчыны. Але ж чым дапаможаш ёй? Заставалася толькі паспачуваць. Гады немцы! Гэта ж яны расстралялі на вачах у Кацярыны яе сям`ю за сувязь з партызанамі. Пасля таго яна і пачала насіць на руках галавешку, гушкаць яе, нібы дзіця. Кацярына і цяпер пяшчотна гладзіла рукой кавалак абгарэлага паленца, закалыхвала яго:

– А-а-а-а-а! А-а-а-а-а! А-а-а-а-а-а!

Мне расхацелася ісці да Петрыка. Я павярнуў назад і пацёгся, не стрымліваючы слёз, якія пяклі, бы вуголле, шчокі, да той глыбокай ямы, што засталася на месцы нашай хаты.

Я доўга стаяў над ямай, у якую з раўчукоў нацякло шмат вады, і ў яе люстэрку бачыў сябе, з непаслухмяным чубам і мурзатым тварам, а так-сама бярозку, якая ўся была паранена асколкамі – дасталося ад таго снарада і ёй. А потым убачыў у люстэрку вады і Петрыка. Ён нічога не сказаў, проста стаў побач.

– Вясна-красна, а нешта сумна...– ціха прамовіў Петрык потым.

– Сумна...– выдыхнуў я.

Дзед Грышка бы з-пад зямлі вырас, змахнуў з галавы сваю аблезлую шапку, крэкнуў і сказаў:

– Памаўчыце, памаўчыце, хлопцы. Тады-сяды трэба і памаўчаць.

Вялікая, бы гарошына, сляза скацілася па маршчыністым твары і разбілася на мысцы ягонага лапця...

2. ПЕЧ

Першы з вайны вярнуўся дзядзька Хвядос. Высокі і хударлявы, ён, нібы бусел, хадзіў па сваім двары, высока падымаючы ногі. Я глядзеў на яго са схованкі, зажмурваў вочы, і тады здавалася, што гэта зусім і не дзядзька Хвядос, а мой тата. Але варта было расплюшчыць вочы, і я зноў бачыў нашага суседа. Гэтым разам ён нясе бярэмя дроў і прыкметна кульгае: кажуць, пасля ранення ў адным з апошніх баёў, нага ягоная не згінаецца ў калене. Дзядзька Хвядос у вайсковай форме, на гімнасцёрцы злёгку патрэнькваюць медалі. Ён не-не ды і запавольвае хаду, дзівіцца на неба, падоўгу глядзіць на дрэвы – слухае, мусіцьбыць, спеў птушак і гаворыць сам сабе: «Прыгажосць!» Прытупаў да печы – гэта ўсё, што засталося ад ягонай хаты, згарэла пасля таго, як снарад трапіў у нашую, – кінуў дровы на зямлю, а потым зняў пілотку, выцер узмакрэлы лоб. Агледзеўся. Уздыхнуў. Я хацеў падыйсці да дзядзькі, але не асмельваўся. Ён раптам похапкам падняў з зямлі вілачнік, выцягнуў з печы чыгунок, зняў вечка, пацёр, задаволена ўсміхаючыся, далонямі.

– Глядзі ты! – размаўляў сам з сабой дзядзька. – На хвілінку якую адвярнуўся, а вады амаль не засталося. На дне толькі кропля...– Ён прытуліўся шчакой да печы, пагладзіў яе рукамі. – Жывая, жывая, значыць, ты, печ. Малайчына. Гэта я табе, Хвядос, гавару. Ага. Вось адпачну трошкі – як думаеш, мае салдат права адпачыць? – і возьмемся за справу. За мірную справу. Не, ты не падумай толькі, быццам твой гаспадар стаміўся. Хто мяне, Хвядоса, надламіць можа? Вайна? Не-е-е, не дачакаецеся. Хаця і хапіла, хапіла ліха. Пакуль ты адна ў мяне і засталася, печ. Пакуль... А вернецца з вайны сын мой, Сцяпан, будзем утрох жыць. Ты пахавальнай не вер. Ты ж Сцяпана помніш. Ён вернецца!