Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 37

Васіль Ткачоў

Не, каб нешта канкрэтнае адказаць, а яна зноў заблытала ўсё:

– І я цябе люблю, Колька.

Вось і думай тут што хочаш. Так можа сказаць пра мяне і бабка Антося. Але ж гэта не адно і тое ж. Адчуў нават, як палалі шчокі – гарэў, канешне ж, сінім полымем. І каб ужо гарэць да канца, рашыў працягваць казаць глупствы:

– А то хто-небудзь возьме ды і забярэ цябе. Мы з дзядзькам Хвядосам не хочам, каб цябе другі дзядзька забраў. Таму я і рашыў на табе ажаніцца... А можа б ты і за дзядзьку Хвядоса пайшла б? Мы з ім дружым.

А Раіса – не, каб усміхнуцца – пусціла слязу і пайшла працягваць развешваць бялізну. Толькі мне сказала:

– Дзякуй табе, Колька, за дабрыню тваю. Дзякуй.

Багата мне трэба яе «дзякуй». А далей што? Што? Кастуся там нідзе не відаць? Пакуль – не, ціха. Але – пакуль...

Увечар мы сядзелі з Петрыкам на Грышкавай прызбе і думалі, што багата нарабілі сёння глупстваў. Ці, можа, то былі зусім і не глупствы?

10. БЯДА АДНА НЕ ХОДЗІЦЬ

Добрае жыта вырасла. Каласы буйныя, цяжкія – і быццам сонцам налітыя. Дзядзька Хвядос расцёр колас на далоні, паглядзеў на мяне, і сказаў:

– Будзем з хлебам, Колька!

А тады трошкі цішэй прамовіў:

– Заўтра жаць пачынаем.

Гэта дарослыя пачынаюць, а што мы, хлопцы, рабіць будзем? Хоць серп той раздабудзь. Ды толькі дзе яго возмеш –яны на вуліцы не валяюцца і замест яблыкаў на дрэвах не вісяць. Петрык дык і не бядуе: не мужчынская справа гэта – з сярпом хадзіць. Пачакаем, кажа, калі і нас паклічуць – снапы зносіць на калгасны ток. «Вось тады паарудаем!» Але калі тое яшчэ будзе? Хоць – прыдумаў! – і будзе: сёння ж напомню дзядзьку Хвядосу, што той калгасны ток мы будзем рабіць разам з дарослымі. А што там, розуму багата трэба? Дзед Грышка, вядома ж, за старшага наб’ецца, хоць яго і прызначаць ніхто не стане: сядзі на печы, дзед, ад хвароб сваіх адбівайся, як некалі ў лесе ад немца. Ды з дзедам мы як-небудзь саўладаем – галоўнае, каб каго іншага старшым не прызначылі, бо той можа даць і ад варот паварот. А ток у нас робіцца проста – на тым жа полі, дзе расце жыта, зразаецца рыдлёўкамі іржэўнік, раўняецца, прыбі-раюцца камяні і камякі зямлі, і тады лапік той становіцца такі ж лысы, як і ў дзеда Грышкі галава. Адно на адно. А потым трактарыст Сёмка прыцягне дапатопны камбайн, і будзе тарахцець трактар дзень і ноч – падавай толькі снапы камбайну, а барабан той ён упраўна будзе круціць. І тады наўсцяж так хораша пахне жытам, зернем, што, здаецца, не адыходзіў бы ад дарослых, якія, бы мурашы, будуць завіхацца на калгасным таку .

А пакуль няма яшчэ тых і снапоў, толькі заўтра выйдуць жанчыны з сярпамі на палетак. Горш за ўсё – чакаць. Не, каб прама сёння і пачаць, што там адзін ужо той дзень вырашае, але ж дзядзьку Хвядосу хіба што дакажаш? Як старшынёй стаў, дык зусім не слухаецца.

– Заўтра, бабы, на жніво! – бы наўмысна яшчэ, каб паказаць мне, хто тут камандзір, гучна гаварыў кожнай стрэчнай жанчыне ён. – Не спазняцца! Выходзім дружна – як на бой! Усе чулі?

Ды чулі, чулі! Тут і глухі пачуе. Дзед Грышка і тое ўжо ведае, што заўтра жаць пачынаюць і шаркае напілкам па сярпу і, відаць жа, скардзіцца, што зрок зусім слабы, а ён, дзівак, не захапіў у тым баі з немцам у лесе акуляры. Трэба было адабраць. Спатрэбіліся б. Хоць і на чужым носе віселі, а прыжыліся б і на ягоным – савецкім.