Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 36

Васіль Ткачоў

– Высахне.

Заставалася сказаць самае галоўнае, а не ведаў, з якіх слоў пачаць. Усе словы, што раней падбіраў, пераблыталіся ў галаве, пазабіваліся ва ўсе куткі, што іх адтуль так проста і не выкалупнеш. Сяджу, крамсаю сцізорыкам... Так нядоўга і зусім упусціць Раісу, не пабяжыш жа тады наўздагон за ёй. Петрык паблізу ў зарасніку сядзіць і, відаць, падбадзёрвае мяне... Пра гэта трэба толькі здагадвацца. Ды і не да Петрыка цяпер. Адказны момант. Не сапсаваць бы. Так, яшчэ раз удыхнуць паветра, не спяшаючыся, выдыхнуць... Здаецца, хваляванне крыху знікла. Можна. Можна сказаць нешта такое, каб яна спярша паглядзела на мяне, потым усміхнулася, падыйшла бліжэй...

– Цётка Рая... – ледзьве дыхаючы, прамовіў я.

Пачатак добры – як і трэба было, яна ўсміхнулася, паглядзела на мяне:

– Слухаю, Колька...

– А прызнацца можна? Прызнацца... гэта... можна?

Раіса здзівілася, затрымала на мне свой позірк:

– Прызнацца? Набедакурыў дзе?

– Я ў іншым прызнацца хачу...

Раіса дазволіла:

– Ну, прызнавайся. Дазваляю. Чаму ж ты маўчыш?

Чаму, чаму! Я і сам не ведаю – чаму. Язык быццам прымерз у роце. Зусім не слухаецца. Стаў цяжкі, што камень. Не падняць...

А Раіса паспяшае:

– Слухаю, Колька! Мне ж няма часу!..

Неяк так атрымалася, што я ўстаў, хоць і не хацеў. Стаю і маўчу. А тады адвярнуўся траха ў бок, каб не сустракацца вачыма з Раісай, і вымавіў:

– Я цябе люблю...

Думаў, маланка грымне. Нават павадзіў галавой па баках: ціха. Не смяецца здзекліва і Раіса, а паставіла на зямлю міску з бялізнай, падыйшла да мяне, закасала рукавы на маёй кашулі – яшчэ не хапала лапаць маю адзежу! – ціха, каб ніхто, падалося, не пачуў, мовіла мне на самае вуха:

– І я цябе люблю, Колька...

Давялося хмыкнуць:

– Я праўда, а ты!

Раіса пагладзіла мяне па галаве і сказала:

– Маленькі ты яшчэ, Колька. Зусім дзіця. Калі б вышэй хоць трохі расточкам быў, я б тады абавязкова за цябе замуж пайшла...

Ведаў жа, што будзе адгаворвацца, выкруч-вацца, а ўсё роўна палез з гэтым прызнаннем. Гэта Петрык усё: скажаш – і нічога з табой не здарыцца, карона не ўпадзе. А цяпер вось сам у кустах сядзіць, а тут выкручвайся. Што ж, што ж далей гаварыць? Ну, Пятруня! Апусціў галаву, кволенькім такім галаском прамовіў:

– Во, маленькі... А дзядзька Сцяпан высокі?

– Высокі. Ён высокі быў.

– Чаму быў? – не спадабалася мне, што яна так: быў. Бач ты, крыж паставіла на чалавеку. Пахавальная – гэта яшчэ ні аб чым не гаворыць. Было ж і не раз, што атрымлівалі іх людзі, а потым салдаты вярталіся з вайны. Так што ведай, Раіса, дзе і што гаварыць.

– Прабач. І прыгожы ён. Ты што, хіба яго не помніш?

Як жа – не помню! Але ж трэба пра нешта гаварыць, і я паабяцаў:

– Ды я магу падрасці! Пачакаеш? Моркву буду есці. На градцы пасаджу...

– Ты расці, расці, Колька, – сказала няпэўна Раіса, і цяпер думай, што ў яе было наўме.

Але і я рашыў не здавацца:

– Куды табе спяшацца з замужствам? У цябе ж ёсць пакуль з кім жыць. Мамка ў цябе. А к таму часу, калі яна памрэ, і я падрасту. І мы будзем разам жыць. Дзяцей выхоўваць... Як мяне дзядзька Хвядос выхоўвае. Я падрасту, цётка Рая!