Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 35

Васіль Ткачоў

– Э-ге... Так-так... Ай-яй-яй!.. Няўжо?.. Хіба?. Адкуль, здавалася б?.. І столькі на такія кволыя плечы?.. Дзе справядліваць?.. Хто скажа?.. Э-ге!..

А паднімаючыся з зямлі, сказаў:

– Трымайцеся, хлопцы.

Петрык падаў знак, каб я заводзіў гамонку пра гармонік. Пара. А то позна будзе. З дзедам, канешне ж, не з дзядзькам Хвядосам пра Георгія размаўляць, тут неяк прасцей, і я пачаў здалёк:

– Трымаліся б мы яшчэ, дзед, лепш і больш стойка...

– Ага, – падтакнуў і Петрык.

– ... каб вы нам дапамаглі ў тым.

– А ў чым, цікава? – Астап зноў сеў на ўзгорачак. – Слухаю, землячкі.

– Гармонікам! – вырвалася ў мяне, і я не спалохаўся, што так усё знянацку атрымалася, а абрадаваўся: як кажа дзед Грышка, быка адразу трэба браць за рогі. Быццам і я ўзяў.

Пачуўшы пра гармонік, Астап насцярожыўся:

– А навошта ён вам?

– Граць будзем! – гукнуў Петрык.

– А ці ўмееце? – адразу ж пацікавіўся Астап, і я павесялеў: размова, здаецца, ідзе так, як і трэба...

Тут якраз такая сітуацыя, калі варта гаварыць праўду: скажаш, што ўмеем, ён жа лёгка праверыць. Нічога не заставалася, як сказаць праўду:

– Не.

– Ну, вось бачыце! Не. Гэта ўсё роўна, што мне даць самалёт. Што я з ім рабіць буду?

Амаль у адзін голас мы паабяцалі Астапу навучыцца, але гэта на яго не падзейнічала, зноў падняўся, сказаў:

– Як навучыцеся граць, тады прыходзьце.

Петрык ледзь не захлімкаў:

– Дык а дзе ж мы навучымся, дзед Астап? У нас жа няма на чым вучыцца.

Астап зноў сеў:

– Таксама разумна. Калі ўжо хочаце так наву-чыцца на гармоніку рыпаць, прыходзьце і вучыцеся. А даць проста так гармонік не магу – рэч дарагая. З ёй у мяне багата чаго звязана. Гэта каб у музей, дык аддаў бы і не думаў багата. Вось што я вам скажу, хлопцы. Думайце!

Настрой цалкам сапсаваўся. Хоць і навучышся граць на тым гармоніку ў Астапа, то хто будзе ведаць пра гэта. Ды і гармоніка ён не дасці за парог вынесці, калі з ім у Астапа багата чаго звязана. Адно – трата часу, а тут жа трэба дзейнічаць рашуча, каб выкурыць Кастуся з нашай вёскі.

Мы паабяцалі падумаць над прапановай дзеда Астапа і развіталіся. Па дарозе, праўда, пашкада-валі, што не занеслі яму ў хату свае грыбы. Для сябе знайшлі б яшчэ – сёлета іх у лесе дужа багата.

Не атрымалася з гармонікам, тады я пайшоў яшчэ на адну хітрасць. Было не было. А што ж, чакаць, калі Сцяпан, сын Хвядоса, вернецца да разбітага карыта? Ну, не-е!

Як было і задумана, я сядзеў на дварэ і стругаў сцізорыкам палку. Нарэшце паказалася і Раіса з бялізнай, якую сабралася развешваць на вяроўцы – сушыцца. Павіталіся кіўком главы. Раіса папытала:

– Майструеш?

Я зрабіў выгляд, што вельмі заняты і не проста майструю абы-што, а сур’ёзную рэч – можа нават танк ці самалёт, у горшым выпадку – гармату. Сам жа паціснуў плячыма, і неахвотна адказаў:

– А-а, гэта так... А ты, цётка Рая, куды?

– Бялізну развешу.

– Ну, правільна... бялізну. Яна тут, на ветрыку, хуценька высахне.