Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 21

Васіль Ткачоў

– Так, мабыць, – пагадзіўся Петрык і шморгнуў носам.

– Ён жа сына свайго ўспомніў нядобрым словам. Так?

– Так. Чуў.

– А чаму б ён за яго матку сваю лаяў, калі сын на фронце?

– Правільна: чаму б?

– Не здагадваешся?

– Пачынаю патрохі мікіціць. Значыць, сын Тамашоў, Георгій, не ў арміі...

– І я так думаю, Петрык. Ён недзе ў лесе... А зерне тое ці сам Георгій зацягнуў у лес ноччу, ці Тамаш... А можа, і праўда, ён пра зерне нічога не ведае? Можа, тут больш Маўра яго вінаватая,га? А Мікіта якраз не таму мехам з меткай і тыцкаў пад нос?

– Адна кодла, – сказаў па-даросламу разважліва Петрык і тузануў мяне за рукаў: ён паказаў вачмі на Тамаша, які, раз-пораз аглядаючыся назад, порстка шыбаваў да нас... Мы вымушаны былі прыбрацца са сцежкі... Куды ж ён так спяшаецца, шыбуе на злом галавы? Цікавей не прыдумаеш загадкі.

Мы прапусцілі Тамаша наперад, а потым крад-ком, пераскокваючы ад дрэва да дрэва, пачалі прабірацца за ім. Але нядоўга – неўзабаве стары, таксама з пераасцярогай павёўшы галавой па баках, падаў голас:

– Ну, дзе ты тут? – І паклаў на зямлю торбу, у якой, канешне ж, нешта прынёс. – Вылазь. Колькі можна па норах хавацца?

Адкуль вылез Георгій, сын Тамаша, мы так і не запрыкмецілі. Бы з-пад зямлі. А можа, з куста неўпрыкмет выпаўз, дзе яго лёжка? Але як бы там ні было, а Георгій стаяў перад бацькам і трымцеў усім целам, нават, падалося, ляскалі зубы:

– Здароў, бацька...

Тамаш не адразу адказаў, спярша змерыў сына з ног да галавы, а тады толькі працэдзіў:

– Ну, здароў.

Георгій насупіўся:

– Што гэта з табой?

Бач ты: хаваецца, а яшчэ і незадаволены, яшчэ і бурчыць! Тамаш жа па слова ў кішэню ніколі не лезе, нават на высокіх сходах, а што яму тут адказаць сыну, тым больш такому, які хаваецца ад вайны і людзей, трымціць, бы ліст у вецер. Таму і адказаў, высока задраўшы галаву:

– Са мной, дзякуй Богу, нічога. Ты спытай лепш, што з табой. У самога сябе спытай. Так, так! Што, маўчыш, язык пракаўтнуў? Герой!

– Спакойна ты можаш размаўляць? – не пера-ставаў ляскаць зубамі Георгій. – Як бацька з сынам?

– Бацька з сынам... Высока бярэш, бачу. Высока. А ці ёсць у мяне сын?

Георгій здрыгануўся ўсім целам:

– Што з табой? Раней жа ты такім не быў!

Тамаш нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў і роспачна махнуў рукой: ай, гавары не гавары!..

А Георгій працягваў:

– Вы з маткай адзіная ў мяне апора. У мяне ж больш нікога няма. Нікога! Разумееш? Пеўня раніцай чую... Пазнаю: наш! Дым з печы іншы раз даплывае – таксама, здагадваюся, наш дым... Эх, бацька, бацька! Я б кожнага пеўня, можа, які ў нашай Гуце спявае, за роднага прыняў. Я, можа, расцалаваў бы яго...

Тамаш пачаў выкладваць з торбы прынесеныя скруткі, у якіх, здагадваліся мы, была ежа. Петрык, бачу, ажно сліну пракаўтнуў. Я варсануў яго ў бок: не зайдросці на чужое, ці, як казала мая мама, на чужы каравай рот не разявай. Петрык толькі ўздыхнуў – ён, відаць, сёння яшчэ нічога не еў... Менш спаць трэба.

– Людзі думаюць, што загінуў ты, – добра быў чуваць нам голас Тамаша. – І я гавару: загінуў, галаву склаў недзе Гошка. Гавару так і сам пачынаю верыць, што няма цябе... Асабліва цяпер, калі ў нашых мясцінах ціха стала, калі немцаў прагналі...