Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 23

Васіль Ткачоў

Ён яшчэ, бачыце вы яго, перапытвае ў бацькі, ажно галаву задраў, каб паглядзець таму ў вочы:

– Сумняваешся?

А то ж не! Хто табе пасля ўсяго, што нарабіў, паверыць? Бацька родны, маці? Хвядос, можа, ці Мікіта? І мы з Петрыкам – нізашто. Так і ведай, здраднік! Тут рваліся на вайну, зброі назбіралі, і не пусцілі, а ён!..

– Сумняешся, значыць...

– Сумняваюся.

– А што ты ведаеш пра мяне? Лёгка караць таго чалавека, у якога з-пад ног зямлю выбіла...

Я чамусьці паглядзеў на свае ногі, потым на Петрыкавы, парэпаныя і мурзатыя, на зямлю, што была ўсеяна ўсё тым жа старым жоўтым лісцем, і моцна прыдавіў зямлю пятой: не, у нас зямлю не выбіла, яна тут, пад намі.

А Георгій працягваў, не ўстаючы з зямлі:

– Я, можа, нацярпеўся больш, чым на перадавой. Спіну паказаць? На, глядзі!.. – Георгій задраў пінжак, паказаў спіну бацьку,і што было там на той ягонай спіне, хоць крадком вока заўважыць не ўдасужыліся, аднак Тамаша паказаная спіна ўра-зіла: ён прыжмурыў вочы, ссупіў бровы, і моўчкі апусціў пінжак.

– Хто гэта цябе так? – спытаў Тамаш ціха і сумна.

– Калі са статкам здарылася тое... дык у ваен-камат я пайшоў – каб на фронт адправілі. А куды мне было падзецца? Несцера Цішчанку напавал... Самалёты наляцелі на нас... Гардзею Чарняўскаму адно паспеў крыкнуць: «Уцякаем!» А ён нешта там валтузіцца, лаецца... на каго і што... не зразумею... Калі на немцаў, то ўсё роўна ж не пачуюць... Гляджу, і яго няма... не відаць... Забіла, напэўна... не будзеш жа па траве поўзаць пад выбухамі...

Тамаш не пагадзіўся, і правільна зрабіў:

– Што ж ты так, га? Сваіх кінуў... А людзі ж поўзалі пад выбухамі... пад асколкамі... выцягвалі адзін аднаго з поля бою. Чаму ж ты так, Гошка-а?!

– І сам не ведаю, – пацепваў плячыма Георгій. –Спалохаўся – і ўсё... Што тут больш сказаць? Страх мяне працяў усяго... не гатовы я быў, каб... каб...

Тамашу не цярпелася пачуць – што, «каб»? Але Георгій так нічога не змог яму адказаць уцямнага, а цяпер ужо і нам з Петрыкам, пакуль бацька не папытаў у яго, куды ж з ваенкамата накіравалі.

– На фронт, куды ж... Не паспелі ад’ехаць у цялятніках ад гораду, як увесь эшалон наш разбамбілі. Разбегліся – хто куды... Адседзеўся ў лесе, перачакаў трохі. Чую галасы людзей. Падыйшоў, а гэта – паліцаі. І адкуль яны ўзяліся? За шкіркі мяне і пацягнулі... Куды? Навошта? Нічога не магу зразумець. Забіць маглі б і тут, у лесе, я ўжо неяк і гатовы быў да ўсяго гэтага... Прывялі ў гарнізон, форму выдалі...

– І ўзяў?

– Не пыталіся.

– Таму што ў цябе на мордзе напісана, Гошка, хто ты. Вялікімі літарамі. З чалавека ростам.

– Спіну глядзеў? Ці зноў паказаць?

Мы яшчэ бачылі, як Тамаш неяк абяссілена біў сына кулакамі, і паўтараў шмат разоў адно, але дужа страшнае, слова: «Здраднік!» А Георгій не ўпарціўся, ён моўчкі прымаў тыя нязграбныя ўдары, і толькі румзаў, бы дзіця.

Які з яго, і сапраўды, салдат атрымаўся б? Глядзець смешна. Пудзіла агароднае – і тое лепш выглядае, ды і вароны яго палохаюцца. А хто спалохаецца Георгія? Мы з Петрыкам? Ніколі! Хоць выйсці мы ў той дзень з Петрыкам са свайго сакрэту не асмеліліся, але на тое былі іншыя прычыны – не хацелася яшчэ больш насаліць Тамашу. Яму тады і так зашмат хапіла. Няхай думае Тамаш, што пра яго бяду ніхто ў вёсцы не ведае.