Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 20

Васіль Ткачоў

– Чаго не ведаю, таго не ведаю. Стану на калені. – Тамаш цопнуўся на калені. – Наце. У доказ маёй нявіннасці. Што яшчэ трэба? Хвядос! Мікіта! Пашкадуйце! Не браў я зерне! Бог сведка! Госпадзі, пашкадуй!..

І Тамаш захлюпаў носам, а потым з вачэй яго пакаціліся па шчоках слёзы.

– Падніміся, не поўзай на каленях, – узяў Тамаша за каўнер дзядзька Хвядос, дапамог таму ўстаць.

А Мікіта ўсё трос рукамі:

– Нічога не разумею. Кепскі з мяне дапрошчык. Зусім.

Такое прызнанне спадабалася Тамашу, ён ажно выцягнуў шыю:

– Вось-вось. І я не разумею. Можа хто ўмысна яго мне падсунуў, мужыкі? Каб насаліць? Чаго маўчыцё?

Хвядос сказаў няпэўна:

– Не ведаю. Але ўсе ўлікі супраць цябе.

А Мікіта, што было моцы, зноў патрос мехам:

– Вось яна – галоўная! Ну што, будзем заяўляць?

Тамаш зноў увабраў галаву ў плечы, стаяў і не варушыўся.

– Не хацелася б мне, Тамаш, каб усё вось так... – Хвядос склаў нейкую мудрагелістую штуковіну з усіх пяці сваіх тонкіх пальцаў. – Каб усё вось так кепска. А яно, бачыш, як атрымліваецца. Горш няма, калі свае сваім перашкаджаюць, не дапама-гаюць ісці роўна, а, наадварот, яшчэ і ў яміну штурхаюць. І пры гэтым выбіраюць самую глыбо-кую. Каб гваздануўся дык гваздануўся! Эх!..

Фу-у, што было далей! Падумаць толькі! Тамаш зусім разгубіўся, хапаў засмяглым ротам паветра, а вочы ў яго пабялелі, бы ў варанай рыбіны, ён сударгава махаў некуды рукой, і толькі траха пазней яго нарэшце прарвала:

– Маўра! Каб у цябе бакі разнясло! У хаце сядзіш! Вырадка на свет выпусціла – і ша, і за дзверы, у ціш-спакой,га?! А ты ідзі, ідзі паслухай, што людзі гавораць! Ідзі паслухай, курыца аблезлая!..

Хвядос махнуў у мой з Петрыкам бок, каб мы гулялі падалей ад печы, дзецям няма чаго тут рабіць, дарослыя самі разбяруцца без саплівых, і мы зрабілі выгляд, што зніклі з ягоных вачэй, а самі схаваліся паблізу – не прапускаць жа самае цікавае, не хапала яшчэ гэтага. Дурняў няма. Са схованкі нас не тое што дзядзька Хвядос, а сам Тамаш, калі захоча, не вывудзіць. А ўсё відаць і чуваць. Яшчэ, можа, тут і лепш: толькі не чмыхнуць бы носам, не выдаць сябе. А пакуль уладкоўваліся, чулі, як дзядзька Хвядос прызнаўся, што спярша не верыў, каб мех з зернем украў свой вясковец, баяўся, што маглі яны з Мікітам наламаць дроў. А тут, бачыце, у Тамаша не вытрымалі нервы, і ён пачаў клікаць Маўру... і дакараць яе за сына, значыць... Ага, вось дзе сабака закапаны, высвятляецца! Гэта яшчэ больш цікава. Так, так. Толькі б нічога не ўпусціць. Я падміргнуў Петрыку, Петрык мне, і калі Тамаш, хістаючыся, бы п’яны, паканды- баў да сваёй хаты, мы крадком, прыгнуўшыся, шмыгнулі таксама ад печы. Куды беглі, і самі не ведалі, але калі спыніліся, зразумелі, што нам трэба быць сёння ў Дзянісавым бары.

Абавязкова!

6. У САКРЭЦЕ

Я, калі адсопся, папытаў у Петрыка, ці ўсё ён зразумеў. Той выталапіў вочы:

– А што?

– Як – што!? У цябе што, вушэй няма?

Петрык памацаў свае вялікія, бы лапухі, вушы:

– Ёсць быццам.

– Хіба не здагадаўся, чаму Тамаш пачаў лаяць у бок свайго двара, Маўру ўзгадаў? Не зразумею цябе, Петрык: да твайго макацёра даходзіць толькі на другія суткі. Калі не на трэція.