Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 19

Васіль Ткачоў

– Дык і трасі ім перад сваім носам, калі твой!

– Не-е, я перад тваім патрасу.

Каля мяне ўжо моўчкі сеў Петрык, і мы навастрыліся глядзець далей, што будзе паміж мужчынамі. Ну-ну, давайце, працягвайце. Нам цікава. Дзядзька Хвядос падаў знак рукой, каб той дарэмна не псаваў нервы, параіў растлумачыць, што ўрэшце рэшт здарылася:

– Будзе, Мікіта, будзе. Не гарачыся. Раскажы, што і як. Спакойна. Тамаш, бачыцца мне, таксама нічога не разумее... Пра дошкі пачынае гаварыць... Так-так, дык што там у цябе? Якія прэтэнзіі?

Мікіту, мы з Петрыкам гэта добра ведалі, было цяжка спыніць, калі ён набіраў абароты. І не спыняецца, а мы што казалі! Сіпіць, бы раззлаваны гусак:

– Гэта хто нічога не разумее – Тамаш? Ён усё разумее! Толькі морду крывіць, губіну капыліць, бы конь, якога авадзень уджаліў, дурнем прыкідваецца. Дыверсант!

Пачуўшы «дыверсант», Тамаш ажно ўвабраў галаву ў плечы, а вочы ў яго, падалося, зрабіліся зусім маленькімі, як у пеўня. Але ён адразу апрытомнеў, шырока разявіў рот, ваяўніча заявіў:

– Ну, ты! А то як шандарахну!.. Прыпісваеш мне тут непатрэбшчыну. Падбірай словы. За гэта могуць далёка схаваць. А ў мяне дома спраў багата. Во так, анёл!

Мікіта стаяў на сваім:

– Што – «ты»! Я ж гэты мех у пуні ў цябе забраў. Маўра твая сказала, каб серп навастрыў. Шукаю яе... якраз міма праходзіў. У пуню заглянуў, а там – мех мой ляжыць, во гэты самы. Метку бачыш?

Тамаш дзеля прыліку ўзяў мех, пакруціў яго ў руках, пашкрабаў кручкаватым пальцам там, дзе метка, а потым шпурнуў яго Мікіту:

– І на маіх такая!

Мікіта плюнуў, сеў:

– Ну вось і пагавары з ім.

Пагаварыць з Тамашом узяўся дзядзька Хвядос. Ён падняў з зямлі мех, папытаў у Мікіты:

– Дык гэта той мех, у якім было зерне?

– Ну, тое, што на насенне бераглі, – пацвердзіў Мікіта, і да Тамаша: – Навошта зерне украў, злодзей?

– Прашу не абражаць. А зерне... Ты пра якое зерне? Не разумею.

– Калгаснае, – сказаў Мікіта. – Ты абрабаваў усіх нас. Гэта хоць разумееш?

– Не браў, – аднекваецца Тамаш.

– Яно само к табе ў пуню забегла-закацілася, – навыручку Мікіту паспяшаўся Хвядос.

– Я ж гэты мех закапаў у свіране, – гэта ўжо Мікіта шкумутае далей злодзея, а што Тамаш можа сцібрыць чужое, у гэтым мы з Петрыкам перакананы. – Думаў немцы спёрлі, гады. А гэта ён гад, аказваецца. Пад носам жыве. Не з немцаў. З нашых, здаецца...

Тамаш не на жарт перапалохаўся, заглядваў у вочы то Мікіту, то Хвядосу, шукаў у іх падтрымкі і спагады:

– Вы што, людзі? Жывым – у магілу? За што? Не браў! Калгаснае зерне? Вы што – падурнелі, розуму пазбавіліся? Гэта ж турма! Астрог! Старшыня! Хвядос! Я ж у немцаў краў. У іх, супастатаў. З-пад носу цягнуў, таму што яны – ворагі, так ім і трэба, таму што іх біць і біць трэба. Калашмаціць. Я, можа, гэтым самым прыёмам падрываў іх моц. Мне, можа, за гэта яшчэ медаль павінна... Як, га?

Тамаша спыніў Мікіта:

– Не дрышчы. Якім жа чынам у цябе, калі паслухаць, мой мех апынуўся?

– Не ведаю. Поведам не ведаю. Можа, яны ў цябе, а я – у іх?

– Цьфу ты! – роспачна плюнуў Мікіта. – Уваротлівы, і сапраўды што той вужэлак.