Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 22

Васіль Ткачоў

Георгій похапкам запіхваў у рот ежу, прагна глытаў, што і дурню зразумела: не кожны дзень шастае ў лес з торбай Тамаш. І хоць рот у яго быў забіты, папытаў у бацькі:

– А што ж далей? Як мне быць? Думай, бацька, думай.

– Сам натварыў, сам і думай! – пагрозліва параіў Тамаш.

– Што думаць тут? А можа зразумеюць, даруюць?

– Што жывёліну калгасную кінуў нямаведама дзе і каму? Гэта зразумеюць? І даруюць, хочаш сказаць, гэта? Не-е, сыну, не. Людзі нацярпеліся, нагаладаліся і наплакаліся. Ніколі такога не зразумеюць. Ніколі. Што і замест фронту каля бабскай спадніцы прыгрэўся – і гэта, думаеш, зразумеюць? Быццам і шкада мне цябе, але як падумаю, што ты – дэзерцір... – Тамаш памаўчаў. – Цікавіцца пачалі табой, здагадваюся. З раёна нейкі чалавек прыязджаў...

Канешне ж, Козыраў, хто ж яшчэ! Таго чалавека і мы бачылі.

– ... людзей распытваў. А цяпер гэтая гісторыя з мехам...

Георгій разявіў рот:

– А што з мехам?

– Вам бы з маткай той мяшок на галаву нацягнуць, каб вы свету белага не бачылі. Дваім адразу. Цьфу! І ў рэчку, як сляпых кацянят. Ну, для якой трасцы ёй той мяшок спатрэбіўся? Сваіх мала? Пакінула б тут – і канцы ў ваду. Дык не – дамоў пацягнула. Канспіратары хрэнавы! Цьфу!

Бацька з сынам памаўчалі.

Петрык паглядзеў на мяне, і ўсім тварам паказаў: вось хто такі Жорык, а! Шапнуў: «Дэзерцір. Чуў. Слова б гэта хоць не забыць». Я паабяцаў таксама яго запомніць.

Георгій зноў паглядзеў на бацьку, плакліва папрасіў:

– Не пакідай мяне, тата...

Тамаш павысіў голас:

– Што – я? Жыццё цябе, Георгій, са сваіх спісаў выкрэсліла, здаецца мне. І мяне заадно. Што мне новая хата, калі я ў ёй картачку адзінага сына павесіць на сцяне не магу. Баюся. Хвядос Сталетаў вунь пад голым небам жыве. На печы. А я зайдрошчу яму.

– Няхай заўтра матка прыйдзе, – папрасіў Георгій. –Добра?

Але Тамаш нібы і не чуў сына, працягваў гаварыць далей:

– А я ні адной ночы не спаў з таго часу, калі ты ў нашых краях аб’явіўся.

Георгій раптам згроб бацьку рукамі, трасянуў яго, ад чаго нават падалося, што ў Тамаша адарвецца галава:

– Тата-а! Я пакуль жывы! Не харані-і! Не трэба! Я не ў магіле яшчэ! Не ў магіле я! Чуеш? – І, выказаўшыся, павольна расслабіў рукі.

Тамаш паправіў адзежу, адсопся, а тады сказаў:

– Чуць чую, а карысці з гэтага?

Георгій сеў на земляны ўзгорачак, прысыпаны леташнім барвовым лісцем, не адразу падняў вочы на бацьку:

– Як жа так? Выходзіць, мая віна ў тым, што жывым застаўся? Пайшоў бы з усімі на вайну – значыць, быў бы героем?

– Сумняваюся я. Сумняваюся... – пакруціў галавою, і, відаць, ён быў шчыры да канца, стары Тамаш, якога нам з Петрыкам чамусьці ўпершыню, колькі і ведаем яго, зрабілася шкада. Эх, Георгій! Так падвесці бацьку, землякоў, ды – урэшце рэшт, калі на тое пайшло! – і нас з Петрыкам. Што, думаеце, мы не змаглі б калгасных кароў разам з дарослымі загнаць за тую Волгу ці куды там яшчэ. Няма чаго рабіць. Хто-хто, а рагулі нас заўсёды слухаліся. А цяпер жа, не ваяваць падаўся, а ў лесе сядзіць, пад носам у сваёй хаты, трымціць, як заяц пад кустом, калі на лісце капае дождж.