Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 18

Васіль Ткачоў

Дзядзька Хвядос яшчэ доўга размаўляў бы, мусіць, з печчу і са мной, але я ўбачыў, што да нас ідзе Мікіта, таму падзякаваў за крупнік і пачаў прыбіраць на стале. Мікіта, як і нярэдка, грымнуў басам:

– Тамаш не заявіўся?

Хвядос вытрымаў паўзу, сказаў таксама закла-почана:

– Ды не відаць. Як у студню праваліўся.

– Праваліцца ён у студню, чакай! – таптаўся каля печы Мікіта, не знаходзячы сабе месца. – Ну, Тамаш! Ну, Тамаш!..

– Ды прыйдзе ён, прыйдзе! – супакоіў суседа дзядзька Хвядос. – Куды ж ён можа падзецца?

А Мікіта матляў у паветры вялікім кулаком:

– Не церпіцца мне тыцнуць яму ў адно месца!

– Тыцнеш, калі так ахвота. Паспееш. Усяму свой час. А вунь, дарэчы, і Тамаш. Дарэмна хваляваўся, Мікіта. Сам ідзе.

– Ды не сам: я выклікаў яго да тваёй печы, – паглядзеў на Тамаша, які тупаў паблізу, Мікіта, а потым захваляваўся, пачаў лапаць сваё адзенне, папраўляць кашулю, падцягнуў парткі. – Сам бы ён прыйшоў, адзін з тых!..

Тамаш, перш чым паказацца каля печы, зачапіўся за корч, ледзьве не прачырыў зямлю носам, але захаваў раўнавагу, кагосьці аблаяў – гаспадара ці сам корч, было не зразумець – і, сапучы, прагугнявіў:

– Чакаеце? Ну вось ён я! Навошта перадавалі, каб прыбыў? Слухаю, грамадзяне начальнікі.

Мікіта прызнаўся, што гэта ён наказаў, сам, адзін, таму па ўсіх пытаннях параіў звяртацца асабіста да яго. Хоць і каля Хвядосавай печы. Тут, маўляў, зручней размаўляць. І натапырыўся на Тамаша:

– Дык, прызнавайся?

Тамаш, хоць і не палахлівы, але плечы ў яго ўздрыгнулі:

– Гэтыя дошкі... школа калі гарэла... вам іх у мяне не забраць. У полымя лез. Рызыкаваў. Жыццём і ўнукамі. Зразумелі? Во! – Ён паказаў Мікіту дулю. – Не выйдзе! Не атрымаецца!

Дзядзька Хвядос параіў Мікіту:

– Пакажы і ты яму. Пакажы.

– А як жа, пакажу, пакажу! Глядзі, Тамаш! Ці не пазнаеш? Мяшок-та мой! – Мікіта выцягнуў з-пад папружкі мех, трасянуў ім у паветры. – Што скажаш, гарлапан?

Тамаш адмахнуўся, бы ад назойлівай мухі, ад таго меха: