Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 120

Васіль Ткачоў

«Скончыцца гэтая праклятая вайна, вызначацца хлапцу трэба, – лёс Юраські стаяў у млынара на першым плане. – Хлебаробам мо і не стане. Хлебароб – гэта каб дзве рукі... хлеб на далонях трымаць зручна... І вятрак яму не перадасі... На настаўніка калі хай ідзе... Вывучыцца сам, няхай і іншых вучыць. Знойдзе сябе Юрка, не прападзе. Хлапец ён кемлівы. Галавасты. Толькі цяпер хай больш з кніжкай сябруе. Добра, што хоць так... А магло і горш быць. Магло і вока выбіць. Усё ж доктар акуратна аперацыю зрабіў. Дзякуй Сафо-наву. Нездарма ж лейб-медыкам пры багатым дварэ быў. Хоць і адхапіў у Юркі рукі, але мала: той рукой яшчэ можна і памагаць, падчапіць што ці патрымаць. Магло быць і горай... Бяда, адным словам...»

Перад самай вёскай Нупрэй першы заўважыў, як насустрач ішлі двое. Калі пад’ехалі бліжэй, то адразу ж сказаў гучна, каб было чуваць і Юраську:

– Глядзіце, хто нас сустракае!

Расчырванелыя і маўклівыя, Паўлік з Сяргейкам прымасціліся на санях, бліжэй да Юраські. Так і ехалі яны моўчкі, і толькі было чуваць, як хлімкала маці Насця...

Каб яна згарэла, тая знаходка!

15. ШКОЛА

– Пасля школы, Юрка, заскоч да мяне, – загадкава паглядзеў на хлапчука дзед Нупрэй. – Справа ёсць. Паможаш.

Юраська не стаў дапытвацца, што за справа, а толькі пацікавіўся:

– На млын?

– Вятрак, Юрка, сваё адрабіў, няхай адпачне. Не будзем перашкаджаць яму. Заходзь у хату. Ды пацяплей апранайся. Ну, бяжы, бяжы ў школу. Вучыся, хлопча. Адольвай навуку...

Школа – адна назва. Пад носам у немцаў, якіх наехала пазней у Хатоўню яшчэ больш, вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі пісаць і чытаць, робяць, як і некалькі да вайны, цікавыя падарожжы ў мінулае сваёй Айчыны, захапляюцца вершамі Пушкіна і Коласа... На ўсіх вучняў – адна настаўніца, Вольга Якаўлеўна, на ўсіх вучняў – адзін-другі падручнік. Пішуць – хто на чым. Юраська раздабыў недзе кавалак газеты, і таму яго літары, выведзеныя алоўкам, густа скачуць паверх тых, што расказваюць аб разгроме фашыстаў пад Масквой. Настаўніца, звярнуўшы ўвагу на той шматок, спалохалася – ажно твар у Вольгі Якаўлеўны пабялеў – і загадала схаваць падалей такі небяспечны ’’сшытак’’, не карыстацца больш ім. Схаваць дык схаваць. Юраська і напісаў усяго якіх два сказы. За тыдзень, мусіць. Ён вучыцца пісаць левай рукой, таму аловак не слухаецца, ходзіць па газеціне, як уздумае. А што напісаў Юраська – ён сам толькі і зможа прачытаць.

У хату настаўніцы збіраюцца вучні з усіх класаў, і выходзіць, што ўсе яны адразу вучацца і ў чацвёртым, і ў пятым, і ў шостым. Таўкуцца сярод старэйшых нават першакласнікі, але тыя больш нешта грызуць ды штурхаюць адзін аднаго, асабліва калі адвернецца настаўніца, каб падкінуць у грубку дроў. У грубцы тады гудзе, і вучням робіцца хораша, утульна, нават весела, і яны не хочуць, каб увогуле заканчваліся такія ўрокі. І яшчэ добра, што Вольга Якаўлеўна пакуль не ставіць адзнак. Таму што ўсе яны праходзяць нейкую адну тэму, і як паставіш побач тут таго ж першакласніка з чацвёртакласнікам. Ніяк. Хоць першакласнікі, бывае, робяць выгляд, што нешта кемяць, ажно рот да вушэй. А спытай, пра што гамонка ідзе, і яны тады лезуць у кішэні, каб упэўніцца, ці засталося што ад смачнага чорнага сухара. Сухар для іх пакуль важней, чым навука. Мішка-Мухамор, па-вясковаму, бо рабацінне абляпіла ўвесь ягоны твар – грызе кавалачак хлеба, і картавіць: