Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 121

Васіль Ткачоў

– Велнецца з вайны Ламан Яголавіч, і мы ўсё лоўна будзем у яго вучыцца. Ага.

Так і ўсе яны, маляўкі. Але ў школу бягуць-спяшаюцца. Сядзяць у цяпле, кішэні апаражняюць ды робяць выгляд, быццам вучацца, грызуць не сухары, а навуку. А потым забудуцца, відаць, што яны ў школе, расштурхаюцца, і справа заканчваецца іншы раз тым, што пад дружны рогат старэйшых пачынаюць высвятляць, хто з іх аб’еўся сухароў. Толькі і сядзіць тады цішэй малеча, як пад канец заняткаў распачынаецца гаворка на вольныя тэмы. Вольга Якаўлеўна любіць паслухаць, што пішуць з фронту яе вучням. Цікава і тым самім. І яны па чарзе расказваюць. Слухаюць надзвычай сур’ёзна, бо размова ідзе пра вельмі важнае, і тут не да смеху. Нават калі Мішка-Мухамор расказвае, на твары вучняў не набягаюць усмешкі, хоць на Мішку таго глянь – і жывот падпярэзвай: клоун, а не Мішка.

– Мой тата б’е волагаў далёка адсюль, – кажа Мішка, шморгаючы носам. – Здолова б’е! Камандзіл яму ўзнагалоду ўлучыў. Не помню якую, але даў. На, кажа, за смеласць. Заўтла гляну ў пісьмо, што яму далі. Там напісана.

Усе слухаюць і нібыта бачаць дзядзьку Івана, Мішкавага тату. То вось ідзе ён па вясковай вуліцы, то бяжыць у атаку...

– А мой нічога не піша...– апускае галаву Кацька, закрывае тварык далонькамі, і плечыкі дзяўчынкі раз-пораз уздрыгваюць: плача.

У хаце настаўніцы робіцца ціха-ціха. Чуваць толькі, як дзынкае на аконнай шыбе вялікая леташняя муха. Ад тлуму дзятвы ёй, відаць, робіцца млосна, і яна з усіх сіл стараецца апынуцца на двары. Дурніца! Сядзела б у цяпле, зашылася б куды падалей, пакуль не ўмецілі цябе хлапчукі. Раздушаць! Дык не, шкрабецца. Гэта добра, што не да цябе ім зараз, хлапчукам. Нават першакласнікам.

А Кацька плача.

– Вось што, дзеці, – на вачах настаўніцы заўва-жаюць вучні таксама слёзы. – На сёння заняткі заканчваем. Ідзіце дадому. А ты, Каця, застанься. Каму чарга падручнікі браць? Трымайце. Юраська, спалі газету. Чуеш?

Юраська моўчкі ківае.

Вучні разбягаюцца.

– Я Кацьку пачакаю, – кажа Юраську з Паўлі-кам Сяргейка і застаецца на двары, стаіць на ганку.

У розныя бакі разыходзяцца і Юраська з Паўлікам. І калі выбягае Кацька з хаты Вольгі Якаўлеўны, то ў школе застаецца адна настаўніца. Добра ёй, думаюць іншы раз дзеці: прачнуўся – і ў школе, зусім ісці ніколькі не трэба. А на судніку заўсёды ляжыць прыхінуты ручніком бохан хлеба...

Прыгажосць!

16. ПАРСЮК ВЯЛІКІ, ПАРСЮК МАЛЕНЬКІ...

На дварэ дзеда Нупрэя стаяў Авадзень, запрэжаны ў сані. Конь, як толькі Юраська адчыніў веснічкі, павярнуў галаву ў бок хлапчука. Затым зноўку пацягнуўся, закапыліўшы губіну, да сена, што шарэла на белым снезе. Юраська моўчкі гладзіў Авадня па пысе, заглядваў каню ў вялікія і чыстыя, бы сляза, вочы, у якіх плавала Нупрэева жытло: хата як не цалкам – з вокнамі і дахам – памясцілася ў іх.