Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 118

Васіль Ткачоў

– Прагуляюся, калі ўжо надумаўся, – узяў цяжкаваты кадаўбец, выштукаваны з дуба, Лявон Кончык. – Дыхну хоць. Гэта ў нас колькі яшчэ мяхоў засталося? Пяць?

– Ну. Пяць. Не паспеем давідна. Давядзецца і дня прыхапіць.

– Прыхопім. Дзень – ён таксама наш. А вечарам скокнем у лес. Я і не абяцаў, што дзве падводы адужым. Ніхто нас асабліва ў каршэнь не гоніць. Хіба толькі Вітух? Дык ён нам не ўказ. Ага.

– Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. А мы ж ходзім! – Нупрэй усміхнуўся. – Павэдзгае языком, ды і супакоіцца. На ўсялякі выпадак трэба спусціць мяхі за дошкі на першы ярус. Каб спакайней было.

– Схаваем, чаго там, – пагадзіўся Лявон Кончык і накіраваўся да дзвярэй, а калі прынёс паўнюткі кадаўбец, Нупрэй зрабіў некалькі глыткоў, а потым памыў твар.

– Вочы зліпаюцца, – сказаў млынар. – Цяжкая ноч. Не прыгадаю, калі раней я так эксплуатаваў свой вятрак.

Заварочаўся Юраська, нешта блюзніў ў сне, а калі расплюшчыў вочы, падхапіўся:

– Заснуў?

– Спі, спі, –паглядзеў на яго Лявон Кончык. – Яшчэ рана.

– Добра, – Юраська пазяхнуў і зноўку скруціўся, бы вужэлак, на мяху, падклаўшы пад галаву сваю маленькую далонь.

– Учора яго бацька з фронту пісьмо прыслаў, – дзед Нупрэй спярша паглядзеў на Юраську, а потым на Лявона. – Хваліўся. Ваюе Рыгор. На Ленінградскім фронце. У артылерыі бытта. Пісьмо тое ў кішэні ў яго, з сабой носіць.

– Паказваў, – кіўнуў Лявон Кончык.

– Ну што ж, калі не спіш і дамоў не ідзеш, давай зноў засыпаць зерне,– глянуў на Лявона млынар. – Ды і муку выбіраць пара. Добрая мука ідзе. Гэта я Вітуху змалоў, як для фермы. На ўсю катушку даў. Нічога, тая гайня ўсё з’есці. Пацёр трохі, ды і добра. А надалей з яго буду яшчэ большы пай браць. На ўмалот таксама трэба накідваць, як думаеш?

– Рабі, як сам знаеш.

– Павінен, павінен быць на ўмалот працэнт.

– Вось так і жывём, Нупрэй, – уздыхнуў Лявон Кончык. – Э-ха-ха-ха! Наш, кроўны хлебчык, а мы хочам пай той браць, ці, як кажаш, працэнт. Думаем, гадаем, як абхітрыць паліцая. А што ён думаў, цікава, калі хлеб у людзей забіраў? Дзе вачэй пазычыў? Шыш ён думаў! Давай – і ўсё, а то будзе... Ды што там гаварыць! Тут, Нупрэй, тваім працэнтам дзірку не зацыруеш.

– Не затыкнеш, факт...

– Трэба крута паварот рабіць. Каб яны і на нюх табакі не бачылі нашага хлеба. Каб ён горкім для іх быў. Што палын.

– Не так адразу. Спярша хоць бы па каліву назад яго цягнуць. Па граму. Па мяшочку... Выціскаю ўжо, што толькі магу. Каб жа не нашкодзіць. Тут акуратна трэба. Вітух нешта таксама кумекае, хоць і не галава ў яго, канешне, а бурак на плечы ўсторкнуты.

Лявон Кончык пагадзіўся:

– Я і не кажу, што прама сёння-заўтра, адразу павярнуць на ўсе градусы, не... але ж чакаць, калі яно тое будзе, нудна дужа. Ох і нудна!

– Нічога, нічога, усё перамелецца, а смецце само сабой адсеіцца. Адзін хлебчык застанецца. Чыс-цюткі. Так, так, а смецця і не ўбачыш.

– Скарэй бы.

Зноўку прачнуўся Юраська, залыпаў вачыма:

– Што, а? Фу-у, ну і соні ж мы! Ранне, ці што?