Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 122

Васіль Ткачоў

Несучы акуратна падабраную вяроўку на плячы, паказаўся з пуні дзед Нупрэй.

– А-а, Юрка. Што, вучоба ўжо кончылася?

– Распусціла Вольга Якаўлеўна.

– То і добра. Зараз паедзем. Мы з табой апошнім часам, заўваж, вандруем часта. Не сядзіцца нам, а? Цёпла адзеўся?

– Цёпла.

– Глядзі, каб не замёрз. Маразы сёлета моцныя, бытта ведалі, што трэба ім, маразам, быць... Немцаў пад Масквой трэба памарозіць. Ажно ў бярвеннях страляе. Як дасці, як стрэліць! Шчэ во хата мая не вытрымае?

– Вытрымае,– усміхнуўся Юраська.

– Будзем выбірацца ў дарогу, – стары кінуў на сані вяроўку, патаптаўся крыху на месцы, нешта прыпамінаючы, мусіць, а потым падышоў бліжэй да саней, падняў салому. – Бачыш?

– Парсюк? – здзівіўся хлапчук. – Чый гэта?

– Каб жа знаццё. Распараджэнне Вітуха: на вя-чэру свежына павінна быць. Камендант гасцей чакае. Шкада, што позна даведаўся пра гасцей... А то б аднеслі ў дупло дэпешу. А пазней і сам камендант да мяне на вятрак падкаціў. І Вітух побач яго трэцца, што ганчак каля ног паляўнічага. Трэба, братка Юрась, з немцам пакуль ладзіць. Хітрэй трэба... Ну, адмовіўся б я? Толькі і дамогся б, што на сухары атрымаў бы. Дзе наша не прападала. Так і быць ужо – займуся смаленнем парсючка. Каб хоць адзін бобік прасіў, то я б яго і турнуць мог. А то сам камендант. Шышка. Яго лепш абыйсці. І мы яго абыйдзем. Уцяміў? Пазней. Усяму свой час.

– Не, – шчыра прызнаўся Юраська, але здагадаўся, што дзед Нупрэй нешта зноўку прыдумаў, ад чаго немцам лепш, канешне ж, не стане.

Стары ўскінуў на воз некалькі кулёў саломы, і яны паехалі. За вёскай адразу ж звярнулі пад узгорак, на якім стаяў вятрак, схіліўшы на бок белую шапку – быццам вітаў млынара і Юраську.

– Ветраку, як і чалавеку, таксама адпачыць трэба, – ціха прамовіў дзед Нупрэй. – За свой век ён, братка, столькі карысці людзям зрабіў, што і ўявіць цяжка, ні ў якую торбу не памесціцца карысць тая. Няма такой торбы. Не пашылі яе. А каб усё зерне ссыпаць у адну кучу, што прайшлі праз яго жорны, то гэта была б такая куча, якую і свет не бачыў. Гара Памір, не менш.

Юраська ўявіў, чаму ж, тую кучу – ого-о!

Вятрак застаўся ззаду, а дзед Нупрэй глядзеў і глядзеў на яго, пакуль млын зусім не прапаў з вачэй.

Наперадзе паказаўся Жавіннік. Вёска гэтая была маленькая, яна ўпіралася выгнутай спіной ў зубчатую шчотку лесу.

– Зробім прыпынак, – сказаў дзед Нупрэй і спыніў Авадня каля падворка, на якім тапталася жанчына, ужо знаёмая Юраську: то была тая цётка, што прывозіла на млын зерне па загаду паліцая Вітуха. – Падыходзь сюды, Маруся!

Павіталіся.

– Ты, наколькі мне вядома, прывозіла на мой вятрак зерне малоць?

– Прывозіла.

– А што заплаціў табе Вітух за працу?

– А што ён заплаціць? Ты што, Нупрэй, смяешся?

– Ніколькі. Пакажы мне свайго парсючка.

– Навошта?

– Трэба! – строга сказаў дзед Нупрэй, і пакуль ён ішоў да пуні, каб паглядзець, які ў Марусі гадуецца парсюк, пачуў такія-сякія навіны.

– Прыходзіў надоечы з лесу мой Апанас, –паведамляла цётка Маруся. – Хваліцца асабліва нічым не хваліўся. Цягнік пад Тошчыцай з рэек пусцілі. Салдат, кажуць, у ім было процьма. Во пра гэта казаў. Сам хадзіў на чыгунку з Касцючэнкам. А так што яшчэ?.. – цётка Маруся паціснула плячыма. – Казаў, праўда, што памянялі месца, на зіму глыбей у лес падаліся. Набудавалі зямлянак, жывуць. Але з харчам кепска. Хлеб вось-вось кончыцца. Тая мука, што ты, Нупрэй, малоў, іх дужа выручыла. Хлеб смачны пякуць. Боханы – як з печы, круглыя, як сонца...