Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 117

Васіль Ткачоў

Лявон Кончык адразу ж перахапіў з Сяргейкавых рук лейцы:

– Давай вожкі. Якраз сюды пруцца, чэрці. Так, значыць, без панікі. Звярнуць з дарогі трэба, а то лоб у лоб сутыкнемся. А Платон, бач ты, далёка глядзіць: едзьце адны, а то пападзёмся, небяспечна... Ён, мусіць, яшчэ не выбіраўся. І не спяшайся пакуль, Платон.

– Нэ-э! Нэ-э!

Конь шкробся з усяе сілы, але раптам здарылася непрадбачнае: задняе кола правалілася ў нейкую глыбокую яміну, ажно на самую вось, і воз застыў на месцы, нібыта быў прыбіты да зямлі цвікамі.

– Давайце, дзядзька, давайце! – соп і Юраська, упёршыся плячом у драбіну. – Мы падсабляем. Сяргейка, бярыся бліжэй. Не там. Не спераду. Вось так, ага!..

Грузавікі раўлі недзе зусім блізка, а воз не маглі скрануць і з месца. Зрабілася страшна. Хлеб жа! Забяруць немцы, а што людзям скажаш? Самім можна і ў лес уцячы, хай шукаюць там фрыцы, але ж і Авадня не пакінеш – гэта будзе ўжо здрада. «Сам пагібай, а друга выручай!»– Юраську прыгадаліся словы дзеда Нупрэя. А конь Авадзень – іх лепшы сябра, і такіх сяброў у бядзе не пакідаюць.

– Абмінулі! – уздыхнуў нарэшце Лявон Кончык і выцер узмакрэлы лоб рукавом куфайкі. –Абмінулі. Ёсць Бог на свеце, ёсць. Кудый-та панесла тую заразу ноччу?

Хлапчукі таксама бачылі, як паплылі лапікі святла над палявой дарогай, скакалі ў цёмным небе ўсё далей і далей ад іх.

– Ты на гару, а чорт з гары. Так і тут, – Лявон Кончык падышоў да кола, якое сядзела ў яміне, ударыў па ім ботам, а да хлапчукоў сказаў: – Надась трохі мяшкоў скінуць. Тады выедзем. Інакш дзялоў не будзе. Напялёхаў Платон, што сена. І куды столькі? Конь, здаецца, як конь, а жылы рве. Давайце, хлопцы, адгрузім, а то Авадня замардуем. Ён і так, бедалага, на сваім вяку хапіў. Дзе што цяжэй, там і Авадзень.

... Нупрэй пачынаў ужо хвалявацца. Не жартачкі. Даўно пара вярнуцца з лесу Лявону Кончыку з хлопцамі і Платону, а тых і не чуваць і не відаць. Асабліва трывожна зрабілася яму, калі паехалі з вёскі ў бок лесу варожыя грузавікі...

Млынар прыхінуў дзверы, стаяў на ганку, і толькі цяпер пачуў, як рыпяць паблізу колы. А потым паказаўся і Авадзень. Дзед Нупрэй не вытрымаў, падаўся наперад – сустракаць жаданы груз.

– Ну, цяпер нам хопіць клопату...

– Прыемнага клопату, – адказаў яму з цемры Лявон Кончык.

13. БЯДА

...Усю ноч нетаропка і лёгка махаў крыламі вятрак. Пад ранне можна было бачыць такую карціну: на мяхах, падкурчыўшы ногі, бы па загаду, спяць Юраська, Сяргейка і Паўлік. Натаміўся і дзед Платон. Ён сядзіць на зэдліку, прытуліўся спіной да сцяны і гучна высвіствае носам.

– Ішоў бы і ты, кум, дахаты, – прапаноўвае Лявону Кончыку млынар. – З рэшткамі сам ўпраўлюся. А там і мае памагатыя прачнуцца. Ідзі, Лявон. Вам хапіла ў лесе...

– Ды куды ўжо ісці! – упарціцца Лявон Кончык. – Час такі, што не ведаеш – ці спаць класціся, ці ўставаць трэба. Пабуду. У цябе выпіць нічога няма? Давай посуд, да калодзежа адвярнуся.

– Калі будзеш піць узвар, то пі, а не – вылей, вада яна свяжэй будзе, – Нупрэй паказаў на кадаўбец, у якім прынесла яму Пелагея кампот з крышонак. – А то ўсё ж мо яго хлябнеш? Папробуй. Кісленькі.