Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 116

Васіль Ткачоў

Лявон Кончык моўчкі забраў у Паўліка лейцы, нэкнуў на каня, які ступаў сабе і ступаў, роўна пасопваючы. Так кіраваў ён нядоўга. Не спыняючы каня, саскочыў на зямлю, узяў Авадня за вуздэчка і павёў з вузкай лясной дарогі ўглыб лесу.

– Вочы глядзіце, – папярэдзіў хлапчукоў.

Ад дарогі не так далёка да ляснога склада, дзе схавана збожжа. Пра гэтую схованку хлапчукі ведалі. Хто ж, як не яны, і вазілі сюды мяхі! Паўлік нават два рэйсы зрабіў, пашэнціла яму, а Юраська з Сяргейкам – па аднаму. І тое добра. Не дрыхлі ў тую цёмную лётнюю ноч, а стараліся, як і дарослыя.

– Ціха дабраліся? – пачуўся з цемры глухаваты голас дзеда Платона.

– Усё добра, – адказаў Лявон Кончык.

– Га, і мальцы тут?

– І мальцы. Яны свайго шанцу не ўпусцяць. Ну, што ў вас?

– Наша фурманка гатова. Зараз вас загрузім – і ў дарогу.

Хлапчукі падышлі бліжэй да дарослых і неўзабаве ўбачылі, як з гушчару прадраўся на палянку стараста Ігнат. Аднак яго з’яўленне тут ніколькі не здзівіла хлапчукоў. Юраська толькі ўсміхнуся і падумаў: «А дзед Нупрэй, бач ты, хітрун яшчэ той: я да яго ключыкі падбяру... Навошта падбіраць, калі ён свой? Канспіратар!»

Парыпваючы коламі, на паляну цяжка выцягнуў воз Сіротка, не менш паслухмяны і добры конь, чым Авадзень.

– Цяпер хуценка загрузім Авадня! – распарадзіўся дзед Платон і хлапчукі зразумелі, што ён тут за старшага. –Наляцелі, браткі! І вы, хлопчыкі, давайце! Хлеб есці ўсе любяць. Асабліва смачны ён, калі папрацуеш. Як той казаў: як патопаеш, так і палопаеш!

Што там тыя мяхі ўскідваць на калёсы! Аднаму, канешне, не падняць, а калі гуртам наваліцца, то раз-два – і парадак. Юраська з Паўлікам бралі мех за рогі, а Сяргейка пасярод, і – на калёсы. Сяргейка, праўда, не паспяваў за мехам, іншы раз па інерцыі сам ледзьве не залятаў на воз.

– Можна ехаць, – сказаў дзед Платон. – А то калёсы разваляцца. Конь жа дацягне. Спярша брыгада Лявона Кончыка адпраўляецца, а тады і мы. Разам небяспечна. Павел, будзеш у мяне адказваць за лейцы.

– Ага! – з радасцю пагадзіўся той.

– Ну, у дарогу. З Богам.

Дзед Платон дапамог ім выбрацца на дарогу, а сам вярнуўся да сваёй, як любіў ён казаць, фурманкі.

Авадзень цягнуў воз, а хлапчукі і Лявон Кончык ішлі побач.

– Даражэй хлеба, хлапцы, на свеце нічога няма.

– Нават і за золата даражэй? – спытаў Сяргейка.

– А што золата? Яго ў рот не пакладзеш. Ёсць хлеб – ёсць і радасць у людзей. І жыццё ідзе. Нам цяпер, у вайну, за кожны колас біцца трэба. І б’ёмся. Бо расце хлеб на тым полі, дзе заўтра могуць кулі свістаць, пад тым небам расце, хлапцы, з якога і дожджык цярусіць, і жалеззе ляціць. Усё адразу. Гаротны хлеб. Нялёгкі. Затое смачны. Смачны, хлопцы?

– Вельмі!

– Дужа!..

– Цяпер жа, азіміна ўжо ў зямлю просіцца. Няўкрутная пара. Не ведаеш, за што і хапацца. Ці за вінтоўку, ці за плуг. Нэ-э, Авадзень!..

Сяргейка раптам схамянуўся, у адно імгненне нацягнуў на сябе лейцы, і Авадзень спыніўся, зафыркаў ноздрамі:

– Гляньце!..

– Што там? – насцярожыўся Лявон Кончык.

– Фары машын! – Сяргейка торкнуў пальцам у цемру, дзе сапраўды былі бачны агеньчыкі, і яны ўсё большалі і большалі.