Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 109

Васіль Ткачоў

– Стой, гад! – ужо амаль побач з ім апынуўся і Юрка-партызан.

Вітух стрэліў з таго нагана, пра які напамінаў Юраська. Юрка-партызан спатыкнуўся, прысеў на калена, паглядзеў на Юраську, хацеў нешта яму сказаць, але з куточку рота пацякла тоненькімі струменьчыкамі кроў... і ён упаў на спіну, сціскаючы рукой рану на жываце.

– Уцёк! Уцёк! – зарумзаў Юраська.– Ён уцёк, дзядзька Кірэй... А вы ж... а вы ж чаго не страляеце?

Кірэй глянуў у той бок, дзе ляжаў Юрка-партызан. І паспяшаўся да яго. Бліжэй падбег і Юраська. Кірэй прыўзняў галаву партызана, тармаснуў, а потым заплюшчыў яму вочы:

– Юрка-а! Юрка-а-а!..

Кірэй падняў Юрку-партызана і панёс у двор старасты. Людзі, што былі там, моўчкі знялі картузы. Паліцаі, якія сядзелі на падводзе, звязаныя адзін з адным вяроўкай і з запіхнутымі ў рот кляпамі, адвярнуліся.

– Дзе будзем хаваць? – спытаўся сіпаты ў Кірэя. – У лес павязем ці мо тут, бліжэй да людскога жытла? Як думаеш?

Кірэй маўчаў, змораны смерцю таварыша.

– Дзе тут у вас могілкі, Ігнат?

– Дамавіну спярша трэба зрабіць, зараз дошкі пашукаю, – сказаў стараста.

– Рабі, Ігнат. Ды збірайся з намі. Нельга табе больш у вёсцы заставацца. Паліцай Кот уцёк, і цяпер ты больш не павінен яму на вочы трапляць.

«А я і ведаў, што Ігнат – наш чалавек, не які-небудзь варожы паслугач!»– абрадаваўся Юраська.

Юрку-партызана пахавалі на вясковых могілках – на самым ускрайку, бліжэй да дарогі. Яго таварышы стрэлілі па тры разы угару, і падаліся па бальшаку за калёсамі, на якіх сядзелі арыштанты. Разбрыліся і вяскоўцы.

Юраська, Паўлік і Сяргейка яшчэ трохі пастаялі над свежым узгоркам жоўтай зямлі, а потым пакрочылі па той жа дарозе, што і партызаны. У вёску чамусьці ісці не хацелася.

– Ведаеш, Юраська, як толькі скончыцца вайна, мы паставім там помнік, – ціха прамовіў Паўлік. – Сапраўдны. З зорачкай. Каб ведалі усе, што там герой ляжыць...

– А з Вітухом усё роўна разлічымся! – сціснуў пальцы Сяргейка, матлянуў у паветры кулаком.– Нам бы толькі аўтамат!

– Ці хоць наган. Рукамі яго не возьмеш. Слізкі ён, што ўюн. А Юрка-партызан не прызнаўся, хто ён на самой справе... Гаварыў, быццам тры тыдні да сваіх прабіраюцца... А са старастам Ігнатам абяцалі разабрацца... А ён – свой... Вось і мы так павінны тайны трымаць, а не першаму стрэчнаму хваліцца, што амаль героі.

Гэта сказаў Юраська.

Хлапчукі яшчэ раз аглянуліся на могілкі.

Не, не хацелася ісці да хат.

11. МУДРЫ ВЯТРАК

Немцы прыехалі ў вёску на двух грузавіках. На першай машыне важна стаяў каля кабіны Вітух, нахіляўся раз-пораз да шафёра, паказваў таму рукой, куды трэба кіраваць – да драўлянага будынку калгаснай канторы. На пагорку, дзе бобік праводзіў тую сходку, грузавікі спыніліся, чыхнулі гарам, замоўклі. Салдаты, як і той раз, выкаціліся з грузавікоў, загергеталі. А потым Вітух вадзіў іх па хатах, і тыя аблюбоўвалі сабе кватэры. Ігнатава жытло стаяла адзінока і сіратліва, на дзвярах боўтаўся свірнавы замок. Вітух адразу, канешне, успомніў гэты двор і тое, што цудам жыць застаўся, таму злосна грукнуў ботам па веснічках і паабяцаў: