Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 108

Васіль Ткачоў

Раптам Юраська ажно здрыгануўся – зусім блізка пляснуў сухі стрэл. Пакуль ён круціў галавой па баках, шукаючы вачыма, хто б мог стрэліць, прагучаў і другі.

– На агарод сігануў! На агарод! – па голасе Юраська пазнаў свайго цёзку. – Трымай яго! Збяжыць, гад!..

«Каго гэта яны ловяць? Старасту Ігната? Дык куды яму, старому і нямогламу, уцякаць? Ён і так ледзьве ходзіць», – нічога не мог зразумець Юраська. Аднак тое, што ён убачыў, захапіла яго, і хлапчук не стрымаўся, падбег бліжэй да Ігнатавай хаты. Пасярод двара стаялі чатыры паліцаі з узнятымі ўгару рукамі, а партызаны – цяпер Юраська ўжо і не сумняваўся ў гэтым – запускалі рукі ў іхнія кішэні, нешта вымалі адтуль, кідалі на зямлю. Крыху воддаль ад паліцаяў адзінока і сумна стаяў стараста, і таксама трымаў рукі над сваёй лысай галавой.

– Кірэй, бяжы на агарод: там Юрка адзін! – крычаў сіпаты партызан, якога сёння ноччу Юраська адводзіў на вышкі разам з Юркам-цёзкам. – Уцячэ паліцай Кот! Уцячэ!

– Ён без карабіна выскачыў!

– Дзядзечка, у Вітуха наган ёсць! Сам бачыў! Ён яго вось тут носіць! – адкуль і словы знайшліся ў Юраські, ён падбег да сіпатага партызана. – Сам бачыў!

– Няўжо? – насупіўся сіпаты і зірнуў на Кірэя. – Юрка ж там адзін! Кірэй!

Кірэй, колькі было моцы, сігануў праз Ігнатаў паркан, прыгнуўся да зямлі, і неўзабаве знік за вуглом пуні.

– Ігнат, апусці рукі, – загадаў старасту сіпаты партызан, – ды нясі вяроўчыну. Памагай, брат служывы, дружкам сваім лапы круціць.

– Ага! – кіўнуў Ігнат і хуценька схаваўся ў кладоўцы.

А Юраська ж, калі пачуў гэтую размову, і сам шыбануў услед за Кірэем на агарод.

– Стой, халера здрадніцкая! Стой, застрэлю! – крычаў Юрка-партызан, і на імгненне запаволіўшы бег, прыцэльваўся і страляў па Вітуху, які без аглядкі нёсся ў бок лесу. Толькі абцасы ботаў мільгацелі. Ён галёкаў ужо на ўскрайку сада, рабіў выкрутасы між дрэў, таму партызану было, відаць, не зусім зручна страляць. Але трэба!

– Цаляй, цаляй, дзядзька Юрка-а! – закрычаў і Юраська.

– Не збяжыць! Даганю!

Аднак жа Вітух, хоць і з адным вокам, а бачыць, паразіт, далёка. Зусім і не дрэвы перашкаджалі страляць трапна па яму, не. Вітух убачыў на гародчыку дзеда Платона, таму бег насупраць яго. Хітры, гад! Ведае, што не будзе партызан страляць, бо можа трапіць у зусім нявіннага чалавека.

Пагоня працягвалася. Трохі паводдаль, ззаду, кандыбаў Кірэй, зачапіўся за нешта, кульнуўся ў разору і вылаяўся. Але адразу ж падхапіўся, пабег далей. Не страляў і ён. Эх, дзед Платон! І трэба было табе вылезці на агарод у самы непатрэбны момант – адны мінусы ад цябе. Араць ён уздумаў! Таксама араты знайшоўся – ледзьве клыпае. Юраська спярша раззлаваўся быў на старога, але адразу ж і пашкадаваў яго: паліцай гваздануў Платона кулаком па галаве, той прысеў, скурчыўся ад болю, а Вітух тым часам адчапіў каня ад плуга і ўскочыў таму на спіну.