Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 111

Васіль Ткачоў

– Каго я бачу? Прызнацца, камандзір, чакаў цябе альбо-каго небудзь з тваіх гвардзейцаў раніцай. Вы куды гэта пахаваліся?

– І не хаваліся зусім. Я дома. А Сяргейку зноў матка пад хатні арышт пасадзіла. Паўлік пазней прыбяжыць. Траву рве.

– Праходзь, чаго стаў, як чужы?

– Калі малоць, дзед, будзем?

– Будзем. Хутка. Трэба, трэба карміць людзей. А як жа. За лета і жорны мае заіржавелі, не да месца сказана будзе. Хоць і прыглядаў. Што вятрак? Тут і сам, гляджу, без занятку заіржавею. Круціцца варта нам з ветраком. Абодвум. Тады і жыццё цвярдзей ступае. Так вось, Юрка.

Млынар спусціўся на ніз:

– Ты куды гэта з рыдлёўкай?

Хлапчук пра ўсё распавёў дзеду Нупрэю.

– Зрэзаў, кажаш, бярозку? Чаго гэта ён? Хіба рукі свярбелі? Дык прывядзі яго на вятрак, жорны мае так пачэшуць іх, што мокрае месца застанецца.

Юраська пырснуў смехам. Здорава б было! Аднак дзед потым не пагадзіўся сам з сабой:

– Хаця, не: навошта вятрак псаваць? Па зубах яму толькі збожжа. Ох, і любіць ён яго! – І паглядзеў у вочы Юраську: – Дык што, ты перад немцам паў ніц? Здаўся?

– Не здаўся – вось іду па бярозку. Зрэжа і гэтую, тады я іх багата пасаджу, бярозак.

– Малайчына, – пахваліў млынар і падаў Юраську вядро. – Вазьмі. У ім і прынясеш дрэўца. Тады яно, мусіць, прыжывецца. Бо рана яшчэ... А прынясеш з зямлёй, то можа што і атрымаецца... Ваду ў гэтым вядры не патрымаеш, а так дно шчэ нічога. Хоць і дзіравае. Старое вядро, не помню, калі і набыў. Мо шчэ і ад бацькі засталося. Самаробнае, з люмінію. Ці не Гірша зрабіў у Журавічах? Ён мастак быў такія вёдры рабіць. І пісяжок ёсць, бачыш. Мерка. Да пісяжка – дванаццаць літраў. – Нупрэй пакруціў у руках вядро, а потым зноў наставіў яго на святло, угледзеўся. – Не, капец: закляпаць не закляпаеш, дужа іржа паела. А каб дно цалкам памяняць, то хто гэта зробіць? Гірша? Дык дзе ён, той Гірша?

І тут млынар убачыў, як па сцяжынцы ад ракі тэпае да ветрака паліцай Вітух. Нупрэй прысвіснуў, хуценька падаў вядро Юраську, а сам выцер рукі аб кашулю, якая круглы год у яго аднаго колеру – белага.

– Зноў шкрабецца, камбала аднавокая! – вылаяўся Нупрэй. – Учора візіт наносіў, ды толькі рот раскрыў, а за ім нейкі чорт прымчаў, забраў, дык ён і не сказаў, чаго хацеў, блазан. Але вядома, чаго галодны можа хацець ад млынара. Багата ён хоча. Ведаем мы ягоную песню. Толькі праспяваць пастараемся не даць. З мяне ён выцісне, як з казла малака. Хоць і цяжка будзе мне. Аднак хто не рызыкуе, той не трымае ў руцэ поўны келіх!

Паліцай быў ужо зусім блізка, і дзед Нупрэй на ўсялякі выпадак прытрымаў язык:

– Не чапай... ета самае... яно і смярдзець не будзе.

Паліцай зачапіўся ботам за прыступку, злосна плюнуў і паслаў дзеду Нупрэю дужа непрыгожае слова, а калі падняўся, папытаў сам у сябе:

– Жывы? Жывы... Ну, дзе ты там, млынар? Выходзь!

Аднак дзеда Нупрэя ён не дачакаўся, сам забраўся на вятрак, агледзеўся, пакашляў для важнасці, зрабіў строгі твар і адразу ж заўважыў:

– Чаму тут пабочныя людзі?

Дзед Нупрэй здзівіўся:

– А хто гэта тут пабочны?

– Хлапец!

– А-а, то ў нашй вёсцы ўсе свае.... не пабочныя, суседзі і сябры. Замкоў не чапляем. Гэта во пачалі, калі госці заявіліся...