Читать «Вятрак – птушка вольная» онлайн - страница 107

Васіль Ткачоў

Свяціла сонца. Гулліва лёталі на гародчыку Аксінніны пчолы, іх зняла яна нядаўна ў лесе – цэлы кубел, чым надта ж ганарылася: даўно хацела яна мець пчол, а тут сам Бог іх паслаў, ды і пчолы малайцы – асабліва не ўпарціліся, бо ведалі, разумнікі, што ў добрыя рукі ідуць. Бачылі? Хвалько. Быццам клубком віселі пчолы на арэшыне і яна перакаціла той клубок у вядро. З тыдзень недзе цётку пазнаць нельга было: пчолы моцна пакусалі яе, хоць і разумнікі, здаецца, Аксіння сцежкі перад сабой не бачыла: заплылі вочы. Дзед Нупрэй жартаваў: «Бачыў кітайца, не хлушу. Ісцінны хрэст. Пастаў яго і Аксінню побач – не разбярэш, дзе хто. У кітайца, мусіць, партрэт і таго лепшы, больш на чалавека падобны... І трэба ж было ёй тых насякомых чапаць? Ненаеднасць да чаго даводзіць!.. Цьфу!..»

Цётку Аксінню і пачалі з лёгкай рукі Нупрэя клікаць кітаянкай. Але як толькі твар жанчыны прыняў ранейшы выгляд, людзі неяк і забыліся пра гісторыю з пчаліным роем, забылі і пра тое, чужое, далёкае для іх слова «кітаянка». Мусіць, яшчэ і таму, што больш падыходзіла ёй слова «жмінда», цётка нярэдка падмацоўвала яго сваімі канкрэтнымі справамі, і хатаўнянцы карысталіся апошнім.

Пчолы ў Аксінні прыжыліся, і хоць былі яны з дзікага гурту, але жанчына набыла недзе борць, усцягнула яе на грушу, і, кажуць, нават ела патрохі мёд.

Пчолы сядзелі на венчыках кветак, пераляталі з аднае на іншую, а за імі цікаваў, раз-пораз нацэльваючы лапку з вострымі кіпцюрамі ў бок абранай ахвяры, стары і лянівы кот Васька. Толькі дзе там! Пчала пералятае на іншы венчык, кот намячае новую ахвяру, але і яна, пачуўшы нядобрае, таксама вырашае трымацца падалей ад Ваські. Канешне, каб кот больш энергічна і лоўка пускаў у ход сваю лапку, а не ленаваўся, то, мусіць, пчолы б хутка разлічыліся з ім. Як некалі з цёткай Аксінняй. А то ж ён проста забаўляецца – ад сумоцця, якое нагарнулася, відаць, не на аднаго ката ў Хатоўні.

Юраська паклікаў ката, той скочыў з паркана, прытуліўся да нагі хлапчука.

– Галодны, мабыць? – спытаўся ў ката Юраська.

– Мя-ў! – адказаў Васька.

– Галодны, значыць. Пайшлі, аднясу цябе на паляванне, калі сам ужо і хадзіць лянуешся. – Хлопчык узяў ката на рукі, патупаў з ім у хляўчук. – Лаві мышэй. Не лянуйся, Васька. Кожны сабе павінен хлеб зарабляць. Бяжы.

Васька пастаяў на адным месцы, паматляў хвастом, узняў сумныя вочы на Юраську і неахвотна падаўся ўглыб хляўчука.

«Спяць? – крадком падняў ён галаву на вышкі, аднак убачыў там толькі скамечаную самаробную подсцілку і кажушок, які давала маці накрыцца начным гасцям. – Калі ж гэта яны паспелі выспацца? І ці спалі ўвогуле?» І ад думкі, што не заўважыў, як некуды падзеліся ўзброеныя людзі, яму зрабілася крыўдна. Правароніў. Зусім настрой прапаў. Хацелася ж бліжэй пазнаёміцца з начнымі гасцямі, даведацца, хто яны і адкуль. Можа ім і дапамога якая патрэбна? Дык калі ласка! Дзед Нупрэй таксама ж не супраць быў з імі пагаманіць. Ён, млынар, можа нават і ведае гэтых дзядзькоў?