Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 39
Сяргей Кавалёў
Прыгадваецца сітуацыя з верша Алеся Разанава «Шыльдачкі»: людзі ахвотна чытаюць шыльды на дрэвах i задавальняюцца гэтай інфармацыяй, не зважаючы на сведчанні i пісьмёны саміх дрэў...
А што там, за шыльдай? Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.
Пачынаецца зборнік «Агмень» вершам, які немагчыма абысці ўвагай, нават усведамляючы відавочную пагрозу аказацца неарыгінальным i паўтарыць як самога сябе, так i іншых крытыкаў (першыя тры радкі верша вынесены ў эпіграф да гэтага артыкула). Зрэшты, i сам верш знаходзіцца недзе на памежжы праграмнасці, спавядальнасці з трывіяльнасцю i другаснасцю, што прыдае яму асаблівую прывабнасць i прыцягальнасць. Рашучасць паэта выказваць спрадвечнае пачуццё любові да Радзімы, ахвяруючы дзеля гэтага арыгінальнасцю i «звышмоднасцю», зацікаўлівае, але не здзіўляе. Падобныя прызнанні сталі ўжо традыцыйнымі для пачынаючых паэтаў. Яшчэ ў 1981 г. крытык Тамара Чабан звяртала ўвагу на вельмі блізкі ўсей маладой паэзіі пачатак першай кнігі Хведара Гурыновіча «Хлеб i соль» (1980):
Але наколькі відавочна агульная рашучасць абодвух паэтаў ахвяраваць дзеля любові да Радзімы арыгінальнасцю і самастойнасцю ў выбары тэмы, настолькі відавочна поўнае непадабенства А. Сыса на Хв. Гурыновіча i падобных яму аўтараў «веснавых» вершаў.
Для Анатоля Сыса Радзіма — не стэрэатыпна-безаблічны, святочна-майскі малюнак «самай любімай» i «самай шчаслівай на свеце зямлі», a поўная трагічных старонак шматвяковая гісторыя беларускага народа, не пазбаўленая драматызму i антаганістычных супрацьлегласцей сучаснасць i зусім не парадна-аптымістычная, а шмат у чым праблематычная будучыня Беларусі. З горыччу i болем узіраецца паэт у цярністы шлях нацыі праз стагоддзі крыві i слёз, невымерных i невылічоных.
У зборніку няма фактычна ніводнага верша, прысвечанага той ці іншай канкрэтнай гістарычнай падзеі, але прысутнасць гісторыі адчуваецца на кожнай старонцы як вынік гістарычнага мыслення, гістарычнага погляду на рэчаіснасць аўтара. Калі быць дакладней, падобны погляд больш слушна будзе назваць родавым, генетычным, паколькі зыходзіць ён ад абвостранага адчування сябе як часцінкі роду, звяна ў непарыўным ланцугу пакаленняў, а не ад пазаасабовага навуковага асэнсавання заканамернасцяў гістарычнага працэсу развіцця грамадства. Найбольш часта ўжывальнымі, ключавымі з'яўляюцца ў вершах А. Сыса такія словы, як: маці, бацька, сын, продкі, нрашчуры; агонь, вада, неба, зямля; поле, каласы, жыта, хлеб, сейбіт; Радзіма, Айчына, мова, паэт. Такім чынам, аўтар «Агменю» звяртаецца да першаасновы, да спрадвечных сімвалаў-паняццяў, да слоў, зразумелых i дарагіх кожнаму чалавеку. Свядомая тэматычная абмежаванасць-накіраванасць не магла не адбіцца на лексіцы твораў. Але празмернае на першы погляд выкарыстанне ключавых слоў вядзе на самай справе да агульнай лексічнай эканоміі, стрыманасці, паколькі ключавыя словы выцясняюць з вершаў словы неабавязковыя, другасныя, сэнсава больш лёгкія.