Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 40
Сяргей Кавалёў
верш гэты з'яўляецца яскравым прыкладам лексічнай скупасці i лаканічнасці паэта, які дасягае тут патрэбнага выніку пры мінімальнай затраце сродкаў.
Кола вобразаў зборніка «Агмень» сведчыць пра творчую арыентацыю А. Сыса на раннюю паэзію Янкі Купалы, неаднойчы згадваецца ў вершах i сам вялікі паэт («Калоссі, хоць вы памяніце ад вечным пакутным агнём — Купалам мяне зашапчыце, засну пад яго курганом»).
Лірычны герой А. Сыса — сейбіт i паэт адначасова, бо словы ўпадабняюцца зярнятам, а мова — полю, раллі. Невыпадкова менавіта жытнёвы колас сімвалізуе сабой вынік працы як сейбіта, так i паэта, бо для аўтара «Агменю» паэзія вымяраецца не сваім унутраным хараством, а тым, наколькі яна ўздзейнічае на людзей, наколькі здольная змяніць нешта ў рэальным жыцці.
A калі доля быць паэтам, дык мерай спраў маіх i слоў мне будзе не цнатлівасць кветак, а важкасць спелых каласоў.
Ян Парандоўскі ў сваім знакамітым трактаце «Алхімія слова» падзяляў пісьменнікаў на дзве вялікія катэгорыі: на тых, каго ў літаратуру прывяла нейкая ідэя, жаданне сродкамі мастацкага слова паўплываць на грамадства i на тых, каго ў літаратуру прывёў пісьменніцкі інстынкт, унутраная прага да творчасці, захапленне самім працэсам пісьма. Калі прыняць гэткую класіфікацыю за універсальную для ўсіх часоў i народаў, стане відавочна, што малады беларускі паэт Анатоль Сыс адносіцца да першай катэгорыі пісьменнікаў: да прапагандыстаў-агітатараў i прарокаў у літаратуры. Прычым хутчэй за ўсё да прарокаў, бо звяртаецца найперш да веры, да пачуццяў чытачоў, у той час як прапагандысты-агітатары апялююць да розуму, да лагічнага мыслення. Вось чаму ў вершах паэта адчуваюцца то водгаласы міфа, старажытнага паганскага рытуалу, то хрысціянскай літургіі; вось чаму словы сыплюцца з неба, як усявышні дар, а мова з'яўляецца душой народа, яго неад'емнай часткай, a зусім не сродкам зносін, прыладай для камунікацыі, як сцвярджаюць некаторыя мовазнаўцы.