Читать «Як пакахаць ружу» онлайн - страница 38
Сяргей Кавалёў
Галіна Булыка стварае свой мастацкі свет з арыгінальнай вобразнасцю, шмат у чым не падобны на мастацкі свет іншых паэтаў.
«Сінтэз» — з'ява новая, арыгінальная ў беларускай паэзіі; аўтарка выбрала сабе нялёгкі, але плённы шлях пошуку, эксперыменту, сустракаюцца на гэтым шляху i цяжкасці, пераадолець якія дапаможа творчая вучоба ў папярэднікаў i далейшае мастацкае самаўдасканаленне.
Мастак Юрый Піменаў на адным са сваіх палотнаў намаляваў своеасаблівы цуд—партрэт шкла пад дажджом. Партрэт шкла як філасофска-эстэтычнага сімвала выявіла ў паэзіі Галіна Булыка. Але паэзія не спыняецца ні на імгненне, развіваецца ў самых нечаканых напрамках. Што наступны раз стане цудам? Можа, кветка? Верыцца, што ў такім разе яна будзе таксама незвычайная, нікім дагэтуль не намаляваная.
ЗА ШЫЛЬДАЙ ПОСПЕХУ
Беларусь, Бацькаўшчына, Радзіма, Айчына, народ, маці, любоў, душа, сэрца, боль, мір, барацьба... Я накладаю на гэтыя словы забарону. Толькі ў самай апошняй, выключнай патрэбе, калі буду свята перакананы, што не сцяру, але ацалю такое слова, я наважуся ўжыць яго.
З маніфеста «Тутэйшых», 1987 г.
А. Сыса «Агмень», 1988 г.
Дэбютаваўшы ў 1986 годзе ў часопісе «Маладосць», Анатоль Сыс стаў за тры наступныя гады адным з самых папулярных сярод беларускай моладзі паэтаў i ўсеагульным улюбёнцам старэйшых пісьменнікаў, замяніўшы на гэтым пачэсным пасту Леаніда Галубовіча. У пачатку 1989 года ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў паэтычны зборнік А. Сыса «Пан-Лес». «Праграмная кніжка для кожнага беларуса», «катарсіс паэта Анатоля Сыса» — так яшчэ да выхаду зборніка характарызаваў яго сам аўтар. Што ж, кніга атрымалася сапраўды выдатная, i можна смела аднесці яе да лепшых здабыткаў сучаснай беларускай паэзіі.
Усе гэтыя акалічнасці, аднак, з'яўляюцца своеасаблівым псіхалагічным бар'ерам, яны перашкаджаюць зараз аб'ектыўнаму разгляду першага зборніка А. Сыca — «Агмень» (1988), a менавіта разгляд першых зборнікаў найбольш цікавых маладых паэтаў 80-х гадоў з'яўляецца нашай задачай.
Сапраўды, «Агмень» змяшчае вершы, якімі ў асноўным А. Сыс дэбютаваў тры гады назад у «Маладосці», «Полымі», «Літаратуры i мастацтве», якімі ён упершыню заявіў пра сябе як пра таленавітага, перспектыўнага паэта. Але ж у 1988 годзе на старонках перыядычнага друку з'яўляліся куды больш сталыя вершы А. Сыса, чым у зборніку «Агмень», таму шмат каго гэтая кніга здзівіла i расчаравала. «Агмень» відавочна выйграваў у параўнанні з большасцю зборнікаў іншых маладых паэтаў, але значна прайграваў у параўнанні з тагачаснымі публікацыямі самога А. Сыса.
Пасля ж выхаду другога зборніка А. Сыса, калі акцый паэта зноў падняліся нават сярод самых патрабавальных чытачоў i крытыкаў, весці размову пра «Агмень» стала нібыта бязмэтна i нават неяк нетактоўна, неактуальна.
Але ці не адносяцца з іншага пункту гледжання ўсе гэтыя разважанні выключна да аналізу ўсяго толькі лакальнага эпізоду ў сучасным літаратурным працэсе, ці могуць яны замяніць i пазбавіць сэнсу крытычны аналіз першага зборніка самабытнага маладога паэта? Ці не замінае нам у дадзенай сітуацыі разуменне спецыфічнага месца зборніка «Агмень» у творчай біяграфіі А. Сыса, таксама як i знаёмства з вершамі зборніка «Пан-Лес», уздзеянне факта папулярнасці паэта сярод чытачоў?